Пакаранне

Праваабарончая супольнасць Беларусі 5 кастрычніка пачынае традыцыйны Тыдзень супраць смяротнага пакарання. Мерапрыемствы, прымеркаваныя да Сусветнага дня супраць смяротнага пакарання пройдуць і на Валожыншчыне.
Сёлета прыхільнікі адмовы ад гэтай меры пакарання хочуць прыцягнуць увагу грамадскасці да ўмоў утрымання асуджаных у камерах смяротнікаў, піша БелаПАН.

Як паведамляе праваабарончы сайт, 5 кастрычніка ў віцебскім бітлз-клубе “Чердачок” пройдзе фестываль “Рок за жыццё”. Музыкі груп Re1ikt, Teleport, Nizkiz і “Разбітае сэрца пацана” выступяць у падтрымку ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне.

Апоўдні 6 кастрычніка ў касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі ў вёсцы Вішнева (Валожынскі раён) пройдзе імша, прысвечаная святому Амброзію Медзіяланскаму, вядомаму, у тым ліку сваёй пазіцыяй супраць пакаранняў смерцю.

7 кастрычніка фестываль “Рок за жыццё” перамесціцца ў Мінск. На сцэне сталічнага клуба Re: Public выступяць гурты Nizkiz, Teleport, SnopSnou, “Петля Прыхільнасці” і “Мутнаевока”.

8 кастрычніка ў мінскім адукацыйнай прасторы Punkt адбудзецца паказ амерыканскай драмы “Забіванне камянямі Сарайі М”. У абмеркаванні кінастужкі і сітуацыі са смяротным пакараннем у Беларусі возьмуць удзел актывісты кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” і валанцёрскай службы незарэгістраванага праваабарончага цэнтра “Вясна”.

9 кастрычніка ў гомельскім Цэнтры беларускай мовы “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” пакажуць фільм “Годная справа”.

10 кастрычніка ў пасольстве Літвы ў Мінску адкрыецца выстава “Кожны мае права ведаць свае правы”. У рамках выставы мастачка Таццяна Тур зробіць перформанс, прысвечаны праблеме вышэйшай меры пакарання, пакутам родных і блізкіх людзей, асуджаных на смерць.

Увечары таго ж дня ў магілёўскім цэнтры “Кола” адбудзецца форум-тэатр “Куля ад грамадства”.