Ад 18 кастрычніка па 11 лістапада 2018 года ў выставачнай зале імя Н.Ю. Сілівановіча Вілейскага краязнаўчага музея будзе праходзіць аўтарская выстава Уладзіміра Ліхадзедава “Беларусь 1914-1918. Вайна і мір”.


Выстава прысвячаецца 100-годдзю заканчэння Першай Сусветнай вайны і з’яўляецца працягам аўтарскага праекта “У пошуках страчанага”, які распачаўся 14 верасня 2018 года ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь.

Сто гадоў таму, на германа-французскай граніцы, у Камп’енскім лесе, перамір’ем 11 лістапада 1918 года сскончылі вайну, што цягнулася амаль пяць гадоў.
– Гэты дзень увайшоў у гісторыю як “Дзень прымірэння”, дзень заканчэння Першай Сусветнай вайны. Вайны, якая пакінула глыбокі след і на нашай, вілейскай зямлі, – кажа старшы навуковы супрацоўнік Вілейскага краязнаўчага музея Вольга Коласава.
Беларусь амаль на чатыры гады ператварылася ў арэну крывавых бітваў. Тут вяршыліся гераічныя подзвігі і гіблі нявінныя.  Звыш 800 тысяч нашых суайчыннікаў было мабілізавана, каля 70 тысяч ураджэнцаў Беларусі загінула на франтах у складзе рускай арміі, каля двух мільёнаў – сталі вымушанымі бежанцамі.
На выставе будуць прадстаўлены экслюзіўныя фотаматэрыялы з прыватнай калекцыі вядомага гісторыка, даследчыка і аўтара кніг па Першай Сусветнай вайне Уладзіміра Ліхадзедава.
Наведвальнікі выставы змогуць самі пераканацца, як вайна і мір суіснавалі на беларускай зямлі ў гады Першай Сусветнай: бітвы і франтавы быт, догляд за раненымі і трагедыя бежанцаў – усе гэтыя тэмы будуць паказаны вачыма салдат і мірных жыхароў па два бакі фронту.
Адкрыццё выставы адбудзецца 18 кастрычніка а 16.00 гадзіне. Запрашаюць усіх ахвотных.
Фотаздымкі часоў Першай сусветнай вайны забяспечаныя Вольгай Коласавай.