Трэцюю сустрэчу дыскусійнага клуба «Маладзечна гаворыць» неабыякавыя жыхары горада правялі 7 кастрычніка. У гэты раз яны пагутарылі на тэму “Маладзечна як брэнд”. 
Маладзечанцы разглядалі, у чым унікальнасць горада і як прыцягнуць турыстаў. Відэа сустрэчы можна глянуць тут

На дыскусію, што правялі ў “Адкрытая прасторы”, запрасілі гасцей. Адна з іх – мінчанка Маргарыта Лазарэнкава, заснавальніца арганізацыі Creative Belarus. Яна адкрыла лофт-праект «Бэлькі» – адну з першых мінскіх прастор, якія збіраюць вакол сябе культурныя ініцыятывы, адукацыйныя праекты. Пагутарыла з удзельнікамі на тэму «Крэатыўныя гарады і рэгіёны: як крэатыўныя індустрыі ўплываюць на развіццё горада».

Маргарыта ўдзельнічала ў якасці мясцовага эксперта ў частцы “Крэатыўныя гарады і рэгіёны” праграмы ЕС і Усходняга партнёрства “Культура і крэатыўнасць”. Праграма завяршылася ў студзені 2018 года, падтрымлівала і прасоўвала творчыя індустрыі ў Еўропе.

– Мы разглядаем творчасць як сектар эканомікі крэатыўнай індустрыі, які робіць свой уклад ва УВП краіны, – патлумачыла Маргарыта. – Ведаеце такі выраз: «Хто валодае інфармацыяй, валодае светам»? Цяпер усё змянілася. Інфармацыю можна выскрабці, распаўсюдзіць, яна больш не з’яўляецца канкурэнтнай перавагай. Постінфармацыйны этап развіцця – крэатыўная эканоміка. Галоўны фактар вытворчасці – крэатыўнасць, лідзіруе  той, хто генерыруе новыя ідэі.

Што такое “эфект Більбаа”

Творчасць залежыць ад натхнення, якое можа прыйсці ці не. Крэатыўнасць – спосаб па-новаму глядзець на рэчы, навык, у якога ёсць мэта.

Маргарыта расказала, як крэатыўныя індустрыі мяняюць гарады.

Удзельнікі абмеркавалі «эфект Більбаа». Цэлы горад можна змяніць з дапамогай знакавай пабудовы. Гэта адбылося з невялікім прамысловым горадам Більбаа на поўначы Іспаніі. Там пабудавалі музей Гугенхайма – цэнтр сучаснага мастацтва. Спачатку творчая эліта, а потым звычайныя турысты сталі наведваць горад, каб убачыць музей. Яны выдаткоўвалі грошы на гатэлі, кафэ і таксі. За некалькі гадоў Більбаа стаў культавым месцам – і горад ажыў.

Вар’яцкія елкі – папулярны горад

На інтэрактыўнай гульні Маргарыта паказала, як на людзей уплывае жыццё ў шэрых гарадах. Вывела на экран шэсць колераў і столькі ж геаметрычных фігур. І прапанавала выбраць тыя, што падабаюцца больш за ўсё. Нікому з удзельнікаў не прыйшліся па душы карычневы колер і прамавугольнік. «У мяне тады пытанне», кажа Маргарыта і паказвае фота стандартнага жылога дома карычневага колеру.

Псіхалагічна мы абіраем іншае, але ўмовы вымушаюць жыць у непрывабных дамах. Безумоўна, яны ўплываюць на наш настрой, патлумачыла спікер.

Паспяховым і бюджэтным выйсцем можна лічыць прыклад Ню-Ёрка. У горадзе была праблема – непрыгожы мост, пад якім мужчыны «спраўлялі патрэбу». Муніцыпалітэт горада запрасіў дызайнераў, каб тыя пафарбавалі мост. Надпіс «Yes», каляровы і чорна-белы фоны – і шчаслівая маладыя фатаграфуюцца ля яго.

Танна абышлася папулярнасць і эстонскаму Раквэру. Там зладзілі штогадовы конкурс на самую вар’яцкую елку.

Даведаліся, як прасоўваць гарадскія праекты

Наведаў сустрэчу і Дзяніс Лазарэнкаў – сузаснавальнік стартапа ў сферы інтэрнэт-маркетынгу SmartSub і выкладчык курсу па Growth-Hacking Marketing у Інстытуце IBA ў Беларусі. Ён падзяліўся досведам у тэме «Карысныя інструменты інтэрнэт-маркетынгу для прасоўвання гарадскіх праектаў і мерапрыемстваў».

У практычнай частцы на сустрэчы правялі “мазгавы штурм” і падумалі, якія крэатыўныя ідэі можна ажыццявіць у Маладзечне. Дзве групы ўдзельнікаў прыдумвалі асацыятыўныя рады да “Маладзечна” і распрацоўвалі канцэпцыі горада як брэнда.

Якія “фішкі” ёсць у Маладзечне

Адна група знайшла цікавосткі ў музычна-паэтычнай спадчыне. Прыгадалі, што ў горадзе ёсць ансамбль лірычных баянаў, знакаміты хор “Журавачка”, ансамбль лыжкароў.

– Можам развіваць камерцыйныя пляцоўкі, мяняць фармат канцэртаў. А яшчэ Маладзечна – гэта гісторыя. Дзе яшчэ ў Беларусі была трыумфальная арка? Чаму на вуліцы Маркава не рабіць нейкі “дзвіж”, не расказваць пра гісторыю горада? Ірына Тархан прапанавала рабіць магніты ці паштоўкі з малюнкамі той жа аркі, – падзялілася ідэямі актывістка Таццяна Семашкевіч.

Разгледзелі і спартыўны накірунак. У Маладзечне ёсць фехтаванне для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, шыкоўны пляжны валейбол, шмат басейнаў.

Па словах другой актывісткі Ганны Сафонавай, адна справа – зацікаўліваць маладзечанцаў. Іншая – турыстаў.

– Калі ехаць з Еўропы, Маладзечна знаходзіцца на шляху ў сталіцу. Трэба зрабіць так, каб людзі заставаліся тут на некалькі дзён. Прычым адразу разумелі, што ў нас за горад.

Размаляваць закінутыя будынкі

Маладзечна таксама асацыюецца з музычным горадам. Прапанавалі ўсталяваць стылізаваныя лавачкі ля музвучылішча, пюпітры, на якіх навучэнцы змогуць выстаўляць ноты, рэпеціраваць, пазбаўляцца страху перад публікай. Падобнае можна зрабіць і ля школы з мастацкім ухілам, у парку. Каб музыка гучала не ў адным месцы, а разлівалася па горадзе.

Наступная ідэя – выкарыстанне закінутых будынкаў у Маладзечне як палотнаў для мастакоў. Не проста графіці ў выглядзе “мазні” – а прыгожыя выявы.

“Love-парк” – парк спатканняў

А яшчэ Маладзечна назвалі горадам маладых. Шмат моладзі, студэнтаў, маладых сямей з дзецьмі. Брэнд можна рэалізаваць з дапамогай сквера, што ля рэчавага рынку. Стварыць з яго “love-парк” – парк спатканняў. Сэнс такі: дзяўчына з хлопцам сустракаюцца, а гуляць няма дзе – ідуць у парк. А там ёсць 12  мосцікаў і пэўны маршрут. Не ведаюць, пра што пагутарыць – на гэтых мосціках падказкі. Для першага, для другога спаткання…

– Для спаткання з першым дзіцем, – смяюцца ў зале.

Таксама прагучала ідэя стварыць шыльду з надпісам – «Я люблю Маладзечна».

Па словах актывісткі Ганны Холад, у бліжэйшых планах – стварэнне крэатыўнай карты Маладзечна, якую прэзентуюць 27 кастрычніка. І правядзенне інклюзіўнай вечарынкі.

– У дыскусійны клуб трапіў выпадкова, знайшоў праз пасты ў сацсетках. З-за занятасці прыйшоў толькі на трэцюю сустрэчу. Тут класныя людзі з агеньчыкам у вачах, гатовыя працаваць цэлымі днямі за крутую ідэю. Паўдзельнічаў бы ў арганізацыі “парку кахання”. Ідэя проста касмічная. Яна зробіць горад лепшым, а людзей трошкі больш шчаслівымі, – падзяліўся ўдзельнік сустрэчы Барыс Аніхоўскі.

Фота аўтара.

Больш фота тут.