Прыёмная сям'я.

Вольга Шчурская – стыльная жанчына са свежым манікюрам. Муж Сяргей працуе ў двары. Малодшыя дзяўчынкі разам гуляюць, старэйшы хлопчык забег паабедаць, астатнія дзеці хутка вернуцца са школы. А яна працуе мамай. Чаму мама – гэта праца, яна расказала для чытачоў “РГ”.

Вось тут мы пісалі пра сям’ю Шчурскіх, калі яны засяляліся.

Як сям’я стала працай

Вольга і Сяргей пражылі разам 15 год перад тым, як вырашылі, што гатовы стаць прыёмнымі бацькамі. Яна – галоўны бухгалтар, ён прадпрымальнік. Аднак усё гэта не прыносіла задавальнення.

– Мы жылі для таго, каб зарабляць, а ў душы не заставала нічога. Пустата, – расказвае Вольга. – Тут жа ў нас кожны дзень вулкан. Такія эмоцыі, што ні з чым не параўнаеш.

Сяргей адразу быў за ідэю стаць бацькамі ў дзіцячым доме. Вольга ж некалькі месяцаў сумнявалася. Многія казалі, што гэта вельмі складана, і адгаворвалі. Але ў рэшце рэшт яна рашылася. У 2015 годзе адбылося ўрачыстае адкрыццё дзіцячага дома сямейнага тыпу. Спачатку прынялі на выхаванне пяцярых дзетак. Пасля двое вярнуліся ў родную сям’ю. Цяпер у доме дзесяцёра дзетак.

Жанчына расказвае, што ўсё зусім не так, як уяўляла. Гэта можна толькі адчуць на сабе.

З дзесяццю дзецьмі прасцей, чым з адным

Вольга адзначае, што ў рэальнасці ўсё атрымалася не так страшна, як яна думала. Цяпер у сям’і дзесяць дзяцей, і ўсе яны могуць выконваць свае абавязкі. Толькі малодшай Сонечцы трэба крыху больш дапамогі. Самі апранаюцца, прыбіраюць за сабой, робяць урокі – ад мамы патрабуецца толькі пракантраляваць і дапамагаць.

Дзеці падзеленыя на тры каманды. Кожная з іх дзяжурыць па чарзе. Адна адказвае за прыборку кухні, другая мые падлогу, а трэцяя адпачывае. І мяняюцца адзін за адным. Дзеткі выдатна ведаюць, хто што павінны рабіць. І калі хтосьці лянуецца, іншыя яго заахвоцяць.

– Дзецям неабходная дысцыпліна,

– упэўненая Вольга, – яны павінны разумець, што ёсць правілы. Гэта дае адчуванне рамак і ўпэўненасці. І калі ў сям’ю прыходзіць новае дзіця, яно таксама пачынае жыць па агульных правілах.

Таму Вольга і кажа – некаторыя знаёмыя ледзь спраўляюцца з адным дзіцем, таму што ўсё робяць за яго – і ўрокі разам, і адзенне рыхтуюць, і ўсё прыбіраюць самі, а дзіцяці ніякіх абавязкаў не даюць. Так і атрымліваецца, што з дзесяццю прасцей, чым з адным.

– Напрыклад, для супу яны ўсё падрыхтуюць, нарэжуць, а мне толькі кантраляваць і варыць.

Сям’я любіць выязджаць на адпачынак.

Кожны з іх унікальны

Цяпер у сям’і дзесяць дзяцей, восем з іх – прыёмныя. Вольга разважае пра кожнага з іх, каб вылучыць адметнасць.

Ангеліна вучыцца ў дзясятым класе, ёй 15 год. Дзяўчынка марыць паступіць у медыцынскі каледж. Гэта правая рука мамы, дапамагае арганізаваць усю працу дома.

14-гадовая Насця і 13-гадовы Слава – родныя сястра і брат. Яны маюць асаблівасць у развіцці. Дзяўчынка вельмі спакойная, ёй моцна падабаецца займацца агародам, марыць даглядаць кветкі. Слава таксама любіць займацца ў агародзе, а таксама майстраваць розныя вырабы, напрыклад, з дрэва.

Сашы 14 год, ён кожны дзень ходзіць на трэніроўкі па футболе. Вельмі адкрыты і шчыры хлопчык, з якім заўсёды прыемна размаўляць.

Жэні 13 год. Ён заўсёды гатовы дапамагчы зрабіць працу па доме. Калі хтосьці можа паленавацца, то толькі не ён. Аднойчы Жэня ўбачыў карцінку прыгожага нажа. Намаляваў яго, а пасля вытачыў з дрэва – выраб быў нібы з карцінкі.

Лізе дзесяць год, і яна круглая выдатніца. Дзяўчынка першая ва ўсім, за што бярэцца. Іграе на скрыпцы, выступае з хорам, актывістка. Вельмі любіць вучыцца, дзённік заўсёды ідэальны. А вось дапамагаць па доме не вельмі імкнецца.

Данілу дзевяць, ён родны брат Лізы. Па выніках тэставання сярод вучняў малодшых класаў ён паказаў найвышэйшы вынік па каэфіцыенце інтэлектуальнага развіцця. Любіць займацца спортам.

Пашы дзевяць год. Ён ахвотна бярэцца за ўсе справы, але яму складана займацца адной справай доўгі час. Вельмі добра іграе на акардэоне і баяне.

Віцы восем год. Яна іграе на дудачцы. Сама навучалася садзіцца на шпагат. Вельмі актыўная і пластычная.

Соні два гады. Цікавіцца ўсім, што і дзеткі такога ўзросту. Але вызначыць нешта адно пакуль рана.

Усе школьнікі сям’і ходзяць у лебедзеўскую школу, многія наведваюць музычную.

– На школьныя канцэрты стараюся хадзіць. Уявіце, спявае хор – і амаль усе там мае дзеці.

Мама – гэта не быт

Летам Вольга прачынаецца ў пяць раніцы, зімой разам з дзецьмі ў сем. Школьнікі самі вараць сабе кашу на сняданак. Яна лічыць гэта вельмі важным. Бяда дзяцей, што растуць у інтэрнаце, у тым, што не могуць мінімальна абслужыць сябе. Яны не ведаюць, як прыбірацца, зварыць есці. У прыёмнай жа сям’і яны вучацца і гэтым рэчам.

– Канешне, трэба круціцца і паспяваць і есці прыгатаваць, і прыбраць часам. Але ўсё гэта проста быт. Не ў гэтым праца мамы. Самае складанае – зразумець дзіця, знайсці з ім кантакт і дапамагчы раскрыць сябе. Вось у чым задача нас, мам.

Каб дзевяць дзяцей у сям’і жылі ў бяспецы: маладзечанскія выратавальнікі наведалі дом сямейнага тыпу ў Насілаве

Якім быў першы тыдзень у новым дзіцячым доме сямейнага тыпу