Кінапрагляды, круглы стол і кулінарны майстар-клас зладзілі ў Маладзечне ў межах сёлетніх тыдняў Германіі ў Беларусі. 28 кастрычніка ў зале замежных моў цэнтральнай раённай бібліятэкі падвялі вынікі тыдняў і ўзнагародзілі тых, хто перамог у фотамарафоне.

Здымалі камедыю, міф і фальклор

Падчас марафону, які бібліятэка ладзіць другі год запар, маладыя людзі хадзілі па горадзе і здымалі сюжэты на атрыманыя тэмы. На падвядзенні вынікаў у фармаце фотасушкі ў бібліятэцы ўдзельнікі маглі  пабачыць здымкі на тэмы «Казка», «Ода», «Дэтэктыў», «Фальклор», «Міф», «Меладрама», «Камедыя», «Трагедыя».

Пераможца Паліна Самсановч (злева) з Ані Лютар.

– Сёння мы запрасілі самых актыўных удзельнікаў усіх мерапрыемстваў тыдняў, – расказала бібліятэкар залы замежнай літаратуры Таццяна Летунова. – Большасць з гэтых маладых людзей па некалькі разоў хадзілі глядзець фільмы на нямецкай мове, бралі ўдзел у кулінарным майстар-класе баварскай кухні і круглым стале пра жыццё моладзі ў Беларусі і ў Германіі.

Па словах Таццяны Летуновай, дзякуючы пасольству ў зале замежных моў з’явілася шмат нямецкіх кніг, якія ўжо бяруць чытаць наведнікі.

Старшыня журы быў самым добрым

Фотаздымкі ўдзельнікаў марафону ацэньвала журы ў складзе мастакоў, фатографаў, праграмістаў. Узначаліў журы маладзечанец Яўген Стэльмах.

Па словах бібліятэкараў, менавіта ён быў самым добрым з усіх сяброў журы. Відаць, таму, што ведае, як нялёгка часам даводзіцца працаваць фатографам, лічаць у бібліятэцы.

Так фатографы ўбачылі камедыю.

Першапачаткова да ўдзелу зарэгістраваліся 25 чалавек. Аднак многія сышлі з дыстанцыі, не вытрымаўшы хуткага рытму. Пабегаць па вуліцах горада прыйшлося шмат.

Таму арганізатары адразу звярталі ўвагу на тое, каб удзельнікі былі ў зручным адзенні і абутку. Дазвалялася рабіць пастановачныя фотаздымкі. Адзіная ўмова – не карыстацца фоташопам.

Фраў Лютар: Як добра, што я не член журы

На мерапрыемстве прысутнічала першы намеснік пасла Германіі ў Беларусі Ані Лютар.

– Я вельмі рада, што не ўваходжу ў журы, – адзначыла фраў Лютар. ­– Тут столькі цудоўных здымкаў, што не ведаю, як можна было выбраць лепшыя.

На думку фраў Лютар, усе мерапрыемствы сёлетняга тыдня атрымаліся. Нават майстар-клас баварскай кухні, які першапачаткова і ў бібліятэкараў, і ў супрацоўнікаў пасольства выклікаў стан лёгкага шоку.

Ані Лютар уручыла падарункі пераможам фотамарафону. Лепшымі і самымі шматлікімі аказаліся фотаздымкі маладзечанскай школьніцы Паліны Самсановіч. Акрамя прыза, Паліна атрымала ў падарунак фотасесію або майстар-клас ад фатографа Яўгена Стэльмаха. Што выбраць – дзяўчына вырашыць сама.

Юлія – доктар, які любіць нямецкую мову і фотаздымкі

Трэцяе месца занялі фотаздымкі маладзечанскага доктара Юліі Бембель. Да таго ж здымак Юліі перамог у глядацкім галасаванні. Большасць наведнікаў і бібліятэкараў прагаласавала за выяву дзяўчыны ў маладзечанскім восеньскім парку.

Другім стаў валанцёр з Германіі Лінус Шыдэрмаер. Хлопец выкладае нямецкую мову ў дзясятай гімназіі Маладзечна.

У бібліятэцы.

За перамогу немец атрымаў цёплыя шапку і шалік, каб сагрэцца халоднай беларускай зімой, а таксама «Рэгіянальную газету» з артыкулам пра сябе.

– Дзякуючы «Рэгіянальнай газеце» Лінус стаў сапраўднай зоркай у Маладзечне, ­– заўважыла Таццяна Летунова.

Зала замежных моў па-ранейшаму чакае прыхільнікаў Германіі

За актыўнасць у фотамарафоне  журы таксама адзначыла маладзечанак Дар’ю Філіпаву, Кацярыну Астапенку, Аліну Туруншу і Мілану Скінтар.

А бліжэй да заканчэння імпрэзы маладзечанская бібліятэка зладзіла скайп-канферэнцыю з бібліятэкай Баранавічаў, дзе таксама падводзілі вынікі фотамарафону і тыдняў Германіі. Жыхары Баранавічаў расказалі, што ў фотамарафоне ўдзельнічалі цэлымі сем’ямі.

Па словах Таццяны Летуновай, тыдні Германіі скончыліся, аднак не скончылася нямецкая мова ў бібліятэцы. Ужо на першага лістапада запланавалі пагуляць у настольныя нямецкія гульні. А крыху пазней правядуць круглы стол, дзе Лінус Шыдэрмаер раскажа маладзечанскай моладзі пра паўночную Германію.

Фота аўтара.