Год таму «Рэгіянальная газета» самая першая напісала пра тое, што вілейскі актывіст, прадпрымальнік Віталь Малыш арганізаваў збор грошай на аднаўленне Казінага мосціка.
Як змянілася сітуацыя за год, карэспандэнту нашай газеты распавёў Віталь Малыш:

– Знайшліся першыя спонсары – завод «Зеніт» гатовы пералічыць тысячу рублёў, дзіцячы цэнтр «Надзея» – дзве тысячы. Спадзяёмся да іх далучацца і буйныя прадпрымальнікі Вілейкі. Толькі вось дапамогу пакуль няма куды прыняць. Згодна з законамі, грошы можна перавесці толькі на дабрачынныя рахункі ці рахункі арганізацый, якія не звязаныя з бізнесам. Пакуль шукаем выйсце.

Яшчэ па словах Віталя, не застаўся ўбаку і Вілейскі райвыканкам. Старшыня Віктар Кот мае свае планы на конт таго, як дапамагчы актывістам з аднаўленнем мосціка.

У суботу, 22 снежня, у 10.30 у кінатэатры «Мір» ускрыюць скрыні з грашыма, у якія збіралі грошы віляйчане. Віталь хоча, каб працэдура была як мага больш празрыстай, таму запрашаюць усіх ахвотных. Пасля ўскрыцця складуць акт.

– Хацелася б даведацца, як правільна, больш выгадна захаваць сабраныя грошы да вясны, калі пачнуцца працы па аднаўленні мосціка. Магчыма, хтосьці з кампетэнтных чытачоў мог бы параіць.

Тэлефон Віталя Малыша 8 (033) 6010295.

• Тэкст даступны на мове: Беларуская