Прычына – кепскія дарогі. Пра гэта «Рэгіянальнай газеце» паведаміў грамадскі актывіст ураджэнец Вілейкі Максім Ціханаў.
Пра незадаволенасць дарогамі жыхароў дамоў 55 і 59 па вуліцы Талстога і дома 72 па Чапаева мы ўжо пісалі летась у жніўні. Тады віляйчане сабралі подпісы на рамонт дарогі і перадалі ліст у райвыканкам.

Заяўнікі атрымалі адказ, што супрацоўнікі райвыканкама і ЖКГ выехалі на ўказанае месца і агледзелі ўчасткі дарогі. Спецыялісты заўважылі толькі нязначныя ямкі на асфальце. Ямачны рамонт на гэтым участку праводзілі ў 2017. Летась пачалі рамантаваць тратуар і пад’язныя шляхі да дома №72 на Чапаева, замянілі 10 метраў разбітага бардзюра. Тыя змены магчымыя толькі падчас капітальнага рамонту. А летась такі рамонт не быў запланаваны.

Тады па ініцыятыве Максіма Ціханава скаргу даслалі ў Адміністрацыю Прэзідэнта і Камітэт дзяржкантролю. Але адтуль звароты перанакіравалі ў Мінаблвыканкам і абласны КДК.

У Камітэце дзяржкантролю паведамілі, што пытанне разгледзелі. Нават выязджалі на месца 11 студзеня. Але камісія не ўбачыла крытычнага стану дарогі, ямачнасці праезнай часткі і тратуараў у дварах.

Ацаніць праблему перашкодзіла снежнае покрыва. Камітэт даручыў ЖКГ і райвыканкаму агледзець праблемны ўчастак дарогі не пазней за красавік і вызначыць, наколькі неабходны рамонт. Выкананне работ пракантралююць у камітэце.

– Цяпер чакаем адказу ад Мінаблвыканкама, – кажа Максім Ціханаў.

• Тэкст даступны на мове: Беларуская