Вадзяны млын пры дарозе ў архаічных Жодзішках жывы, дзейнічае.

Нават зімой, замецены па пояс завірухамі, з абледзянелым вадзяным колам і ў снежнай шапцы на даху, млын выдыхае цёплы пар. Зусім як яго сваяк на карціне «Плябанскія млыны» галоўнага беларускага мастака-млынара Віктара Нямцова.

Жодзішкі – старажытны край майстроў

Сённяшняе начынне жодзішкаўскага вадзянога млына і адначасова музея мукамольнай справы – гэта не толькі агрэгаты і сельскагаспадарчыя прылады працы. Працэс памолу збожжа згенерыраваў за стагоддзі магутную энергію, якая дае сілы ўсім, чые сэрцы адкрытыя дабру і ўдзячнасці продкам

Жодзішкаўскі кут яшчэ ад часоў кальвіністаў ды езуітаў славіўся рамеснікамі, майстрамі. Вынаходлівасць розуму і дбайнасць рук спрыялі дабрабыту і росквіту гэтага мястэчка на стромкім беразе Віліі.

Крыху з гісторыі паселішча

Упершыню Жодзішкі згадваюцца ў 1511 годзе. Тады вялікі князь Жыгімонт Стары дараваў ім прывілей на таргі, корчмы, кірмашы. У пазнейшых крыніцах чытаем, што з 1774 года Жодзішкі ўжо горад, якому кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі дараваў Магдэбургскае права.

Гэты край імкліва развіваўся ў 16 – першай палове 17 стагоддзя. Пасля аграрнай рэформы ў Вялікім Княстве Літоўскім, вядомай як «Валочная памера», фарміраваліся фальваркавыя гаспадаркі. Іх вытворчасць была арыентаваная на экспарт.

Асабліва вялікім попытам на заходнееўрапейскіх рынках карысталася збожжа. У тагачаснай Еўропе праз рост мануфактурнай скураной вытворчасці скарачалася плошча пасяўных палёў.

Гэту нішу па вырошчванні збожжа запоўнілі землеўласнікі з ВКЛ. У сярэдзіне 16 стагоддзя ў Жодзішках пабудавалі першы вадзяны млын. Дзеля гэтага на рацэ Палавойцы спецыяльна выкапалі стаў для збору дастатковай колькасці вады.

З мноства млыноў захаваўся адзін

Увогуле ў ваколіцах гэтага зручнага для гандлю і земляробства месца было шмат млыноў. Захаваўся да сёння толькі адзін. Яго пабудавалі езуіты на пачатку 17 стагоддзя.

Колішняя ўладальніца двара Жодзішкі Барбара Мінкевіч пасля заўчаснай смерці мужа падарыла частку сваіх уладанняў езуітам. Бо сябрам ордэна быў яе сын Адам.

Езуіты пакінулі пра сябе памяць асветніцтвам. Маўклівы сведка іх дзейнасці – езуіцкі калегіум, які захаваўся да нашага часу. Сёння тут месціцца медыцынская ўстанова.

Як Жодзішкі захапілі Тышкевіча

Граф Канстанцін Тышкевіч, вядомы ў навуковым свеце  кнігай-даследаваннем «Ві­лія і яе берагі», праплываючы ў 1857 го­дзе паўз Жодзішкі, захапляўся прыгажосцю берагоў. Як адзначыў аўтар манаграфіі, на ўсім шляху экспедыцыі больш нідзе не бачылі яе ўдзельнікі такога хараства і прыгажосці, такой багатай флоры. Не чулі такіх меладычных і душэўных спеваў у разнастайных жанрах народнай вуснай творчасці. Граф Тышкевіч падрабязна апісаў будынкі кальвінскага збору і кляштара езуітаў, адзначыў архітэктурную сціпласць першага і багатую аздобленасць другога.

Але нідзе ў кнізе не згадваецца пра вадзяны млын. Магчыма, таму, што ён не быў нейкай асаблівасцю. На той час падобныя збудаванні існавалі ва ўсіх буйных навакольных вёсках Павілля.

Заняпад і аднаўленне млына

На працягу стагоддзяў млын служыў лю­дзям. Мяняліся гаспадары, а жорны працягвалі малоць збожжа. У заняпад гэты гістарычны аб’ект прыйшоў, калі ўвогуле не стала гаспадара. Некалькі дзесяцігоддзяў не працавала турбіна, пакрываліся пылам і смеццем магутныя жорны, пазарастала хмызняком і пустазеллем наваколле.

Аглядаючы экспазіцыі цяперашняга музея, страшна сабе нават уявіць, што такой каштоўнасці магло б не быць на Смаргоншчыне, калі б не настойлівасць мясцовых краязнаўцаў і прыхільнікаў мінуўшчыны.

А пачалося ўсё ў 90-х мінулага стагоддзя. Ураджэнец гэтых мясцін прадпрымальнік Францішак Жылка ў гутарцы з мясцовымі жыхарамі пачуў, што іх хвалюе занядбаны млын.

Прыгадалася маленства, калі нейкі час жыў побач з млынам.  Хлапечую цікаўнасць і дапытлівы дзіцячы розум прыцягвалі механізмы, хацелася дазнацца аб працэсе іх узаемадзеяння. Ці не тут зарадзілася любоў да механікі, да тэхнікі, што ў будучым вырашыла выбар прафесіі юнака.

Інжынер-механік па адукацыі і краязнаўца-падарожнік па прызванні Францішак Жылка пачаў ратаваць млын. За ўласныя грошы накрыў дах, набыў турбіну, устанавіў змайстраванае мясцовымі ўмельцамі вадзяное кола дыяметрам у чатыры метры.

І зноў запрацавалі жорны, мелючы зярняты. Пацягнуліся да млына коні і машыны са збожжам. Толькі новае эканамічнае становішча значна паменшыла колькасць кліентаў. Хаця і сёння прыватнікі і фермеры час ад часу карыстаюцца паслугамі гэтага старажытнага млына.

Як млын стаў музеем

Гаспадар Францішак Жылка пакрысе ператварыў млын у  сапраўдны помнік мясцовай гісторыі. На трох паверхах будынка ён стварыў выставы этнаграфічных знаходак, рарытэтаў з вясковых хат і колішніх фальваркаў.

Усё часцей наведваюцца аматары даўніны і звычайныя падарожнікі на гэты турыстычны аб’ект. Тут гісторык, краязнаўца, вандроўнік і бард Алег Мізула распавядае пра ўнікальнасць Жодзішак.

Ёсць тут і добраўпарадкаваная пляцоўка з назіральнай вежай. З яе можна аглядаць старажытны парк ля былога езуіцкага кляштара і берагі рэчкі Палавойкі.

Дабрачынная дзейнасць Францішка Жылкі ў Жодзішках не абмежавалася адным толькі млыном. У сваім родавым гняздзе, засценку Стаўбуцева, ён пабудаваў мураваную капліцу Святога Францішка, устанавіў мармуровую скульптуру Маці Божай. Разам з Алегам Мізулам аднавілі амаль разбураную капліцу пачатку ХХ стагоддзя на вясковых могілках.

• Тэкст даступны на мове: Беларуская