На фота Маргус-Рычард Талівэ. Фота Таццяны Касьян.

У рамках моладзевага абмену «Гарадское мастацтва» па праграме Еўрапейскай камісіі «Erasmus +» у Маладзечна завіталі мастакі з розных гарадоў свету. Абмен праходзіць на базе Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа имя Агінскага. Малююць на вуліцы стрыт-фуда.

«Вуліца стрыт-фуда» – праект-удзельнік конкурсу сацыяльных праектаў Social Weekend 12.

Маргус-Рычард Талівэ – нікнэйм RIKU – прыехаў у Беларусь са сталіцы Эстоніі – Таліна. Яму 30 гадоў, і 20 з іх райтэр займаецца мастацтвам.

Райтэр – графіці-мастак.

У Эстоніі ён скончыў дзве мастацкія школы, на жыццё зарабляе тым, што малюе на палотнах.

Кажа, адукацыя сапраўды дапамагае ў стварэнні стрыт-арта. Менавіт «сур’ёзныя» карціны на вуліцах стаў ствараць ад 15 гадоў. Маляваў у Італіі, Англіі, Фінляндыі.

У Маладзечна прыехаў у рамках праекта «Гарадское мастацтва». У Беларусі ён першы раз.

Фота Таццяны Касьян.

– Асабіста для мяне горад пуставаты, але па-свойму прыгожы. Людзі добрыя, ежа смачная. Напрыклад, бургеры, якія каштаваў, лепшыя, чым у Еўропе. І дзяўчыны прыгожыя, – смяецца RIKU.

Райтэру падабаецца, што ў Беларусі шмат музычных і мастацкіх школ. Але думае, што трэба развіваць яшчэ і графіці на вуліцах, бо горад здаецца «стэрыльным».

– Быццам вяртаешся на 30 гадоў таму ў Таліне. Тады ўрад таксама не дазваляў графіці. Лічу, яно аб’ядноўвае людзей і дае ім тэмы для абмеркавання. Заўжды прыемна паглядзець на прыгожыя карціны.

У апошні час творчасць мастака звязаная з музычнай тэматыкай. Прызнаецца, наогул яму падабаецца музыка. Некаторыя карціны – на сацыяльную тэматыку. А вось любімага мастака назваць адразу не можа, бо любіць розныя напрамкі – рэалізм, абстракцыянізм, класічную творчасць.

• Тэкст даступны на мове: Беларуская