Вялікія планы па новым дыханні мястэчка пачалі здзяйсняцца ў суботу, 6 красавіка.

На мерапрыемства сабраліся мясцовыя жыхары, школьнікі, а з Мінска прыехаў аўтобус з пілігрымамі. Агулам было каля ста чалавек.

Падрабязней пра падзею распавёў мясцовы жыхар, аграном Пётр Хацяновіч.

Спачатку ў будслаўскім касцёле правёў набажэнства ксёндз Уладзіслаў Завальнюк, пробашч мінскага Чырвонага касцёла.

Пасля ў Доме культуры выступіў з лекцыяй кандыдат навук Інстытута пладаводства Ілля Палубятка і распавёў пра асаблівасці догляду за чарэшнямі. На гэтую тэму прысутным паказалі і фільм.

Затым прысутныя пайшлі на падрыхтаваную пляцоўку для пасадкі чарэшань.

Агулам высадзілі 140 дрэў – столькі дазваляла плошча. Да кожнага дрэва прымацавалі бірку з імем таго, хто яго пасадзіў. Побач ужо распрацоўваюць яшчэ адну пляцоўку, каб пазней сад пашырыць.

Ініцыятыва гэтага сада належыць Уладзіславу Завальнюку. Вялікі сад размешчаны так, што ўсе значныя будслаўскія мерапрыемствы будуць праходзіць у яго атачэнні.

Менавіта чарэшню абралі новым брэндам мястэчка таму, што ягада не было занятая.

— У Глыбокім ладзяць вішнёвы фэст, а ў нас будзе чарэшневы, знайшлі нішу, — дзеліцца Пётр Хацяновіч. — Будзем усе даглядаць сад, і ўрэшце выгадуем свой брэнд. І праз чатыры-пяць гадоў запросім на будслаўскі чарэшневы фэст!

• Тэкст даступны на мове: Беларуская