У новым навучальным годзе ў беларускіх ўстановах адукацыі з’явіцца 151 новая прафесія, але больш за 150 закрыюць. Пра гэта распавяла на прэс-канферэнцыі 15 красавіка першы намеснік міністра адукацыі Ірына Старавойтава, піша tut.by.
Больш за ўсё абітурыентаў будуць прымаць на спецыяльнасці рэальнага сектара эканомікі – каля 80 працэнтаў, падкрэсліла Ірына Старавойтава.
Павялічаць прыём па напрамках «архітэктура і будаўніцтва», «сельская і лясная гаспадарка», «садова-паркавае будаўніцтва», «грамадскае харчаванне», «служба бяспекі».
Скарачэнне колькасці абітурыентаў чакаецца на напрамках «мастацтва і дызайн», «камунікацыя», «права», «кіраванне», «тэхніка і тэхналогіі».
Год таму ў інтэрв’ю TUT.BY Сяргей Каспяровіч распавядаў: у новым навучальным годзе фарміраванне лічбаў прыёму будзе праходзіць па новай методыцы – з улікам запатрабаванасці ў кадрах і наяўнасці іх на рынку. Для гэтага Міністэрства эканомікі павінна было распрацаваць дэмаграфічны прагноз, а Мінпрацы і сацабароны – прагнозны баланс.
Адказваючы тады на пытанне TUT.BY, якія кадры апынуліся патрэбныя рынку, ён заўважыў: сістэма ўжо працуе, але ў 2018 годзе прагназаванне і прыём у ВНУ і ССНУ ажыццяўлялася і па дзеючай сістэме дзяржзаказу, і з улікам дадзеных Мінэканомікі і Мінпрацы.
– Фактычна мы выкарыстоўвалі для прагназавання дадзеныя з двух сістэм. Гэты год можна назваць пераходным. Сапраўды, новая сістэма дазволіла атрымаць больш аб’ектыўную інфармацыю. У нас ёсць змены структуры. Напрыклад, плануем павялічыць прыём на медыцынскія і IT-спецыяльнасці.
– А спартыўна-педагагічныя спецыяльнасці, на якія плануецца павялічыць прыём як на бюджэт, так і на платнае?
– Тут таксама ёсць запатрабаванасць, падцверджаная новымі дадзенымі.
Каспяровіч адзначыў, новыя спецыяльнасці з’явяцца ў ВНУ, зыходзячы з рэгіянальнай патрэбы ў кадрах.
– У першую чаргу новыя спецыяльнасці з’явяцца ў галіне інфармацыйных тэхналогій, патрэбы ў такіх спецыялістах растуць. Таксама з’явяцца міжпрадметныя спецыяльнасці, напрыклад, эканамічная інфарматыка. Адкрываецца нямала новых спецыяльнасцяў тэхніка-тэхналагічнага профілю і ў тэхнічных ВНУ.
• Тэкст даступны на мове: Беларуская