Немцы часта едуць падзівіцца на прыгажосць пейзажаў Баварыі. Фота fountravel.ru.

Набліжаецца лета, а з ім і адпачынкі.

Хтосьці ўжо замовіў пуцёўку ў беларускі санаторый, хтосьці аддасць перавагу агароду на ўласным лецішчы. Нехта паедзе за мяжу. Калі беларусы – за мяжу, то куды едуць на адпачынак замежнікі? Да прыкладу, немцы.

Умеюць працаваць і адпачываць

Той, хто бываў у Германіі хаця б раз, ведае, што немцы прывыклі працаваць сумленна і шмат. Гэтым яны вядомыя ва ўсім свеце.

Працалюбства, адказнасць і пунктуальнасць – галоўныя рысы жыхара Германіі.

Адразу можа падасца, што ў немцаў зусім няма часу на адпачынак. Але адпачываць яны таксама ўмеюць.

Па статыстыцы, Германія – звычайна ў спісе тых краін, якія трацяць на турызм вялікія грошы. Растлумачыць гэта можна не зусім спрыяльным кліматам і невялікай колькасцю сонечных дзён.

Абіраюць адпачынак на радзіме

Але немцы любяць адпачываць на радзіме. Згодна з дадзенымі гамбургскіх даследчыкаў, летась 34 працэнты немцаў адпачывалі ў Германіі. Большасць з іх аддавала перавагу балтыйскаму ўзбярэжжу федэральнай зямлі Мекленбург-Пярэдняя Памеранія: Штральзунд, Вісмар, Зелін.

Баварыя займае другое месца ў рэйтынгу. Гэта галоўны канкурэнт Макленбурга-Пярэдняй Памераніі. Лета 2018 года ў Германіі было даволі спякотнае. Таму многія абралі для адпачынку больш прахалодную Балтыку. У Баварыю ж турыстаў вабіць рамантычны замак 19 стагоддзя Нойшванштайн.

На трэцім месцы па наплыве нямецкіх турыстаў Бадэн-Вютэрмберг.

А маляўнічы горны і лясны масіў Шварцвальд на паўднёвым захадзе гэтай зямлі вядомы прыгожымі ландшафтамі і атмасфернымі вёсачкамі.

На сезон адпачынкаў у нямецкіх гарадах плануюць шматлікія карнавалы і фэсты. Літаральна кожны горад мае сваё свята. Гэта можа быць кірмаш, свята віна. Немцы заўсёды ўдзельнічаюць у масавых мерапрыемствах і пакідаюць там значныя грашовыя сумы.

Многім падабаецца разбіваць свой адпачынак на некалькі частак. Напрыклад, тыдзень адпачынку можна правесці на радзіме на Каляды, яшчэ тыдзень узяць на Вялікдзень, а два тыдні пакінуць, каб з’ездзіць на мора.

Італія, Іспанія, Аўстрыя…

Больш за палову немцаў, 54,3 працэнта, правялі леташні адпачынак у іншых краінах Еўропы. За межамі ФРГ лідарам у спісе пераваг застаецца Іспанія. Асабліва любяць Балеарскія астравы, дзе можна не толькі адпачываць на пляжы, а яшчэ займацца спортам і запальваць на клубных вечарынках.

Другое месца ў рэйтынгу еўрапейскіх накірункаў займае Італія. Яе абіраюць немцы, якія прывыклі аб’ядноўваць пляжны адпачынак з шопінгам, смачнай ежай і наведваннем музеяў. У 2018 годзе ў турыстаў асабліва папулярнай была Матэра – старадаўні горад на поўдні Італіі. Сёлета яго аб’явілі культурнай сталіцай Еўропы.

У спісе пераваг нямецкіх турыстаў таксама і Аўстрыя. Зімой – гарналыжныя курорты, летам – маляўнічыя альпійскія лугі, у любую пару года – цікавая архітэктура. Гэта тое, за што немцы любяць Аўстрыю.

Мора і пляжы з развітай інфраструктурай вабяць нямецкіх турыстаў у Турцыю, як дарэчы, і некаторых беларусаў. Тут фаварыт – турэцкая рыв’ера. Так неафіцыйна называюць частку марскога ўзбярэжжа Турцыі з найбольш развітымі курортамі. Ва ўмоўныя межы рыв’еры ўключаюць Міжземнае і Эгейскае моры на тэрыторыях правінцый Анталья і Мугла.

У нямецкіх аматараў замежнага адпачынку па-ранейшаму ў топе Скандынавія. Яе любяць за вялізныя лясы, мноства рэк і азёраў, прыгожыя прыморскія краявіды. Каля 1500 кемпінгаў абсталяваныя па ўсіх правілах у Фінляндыі, Швецыі, Даніі, Нарвегіі. І яны заўсёды запатрабаваныя.

Калі не Еўропа, то Азія або Амерыка

У 2018 годзе кожны восьмы адпачынак жыхароў Германіі праходзіў у далёкіх краінах. Папулярнасцю карысталася Азія.

Для немцаў, якія любяць праводзіць адпачынак па-за межамі Еўропы, Паўночная Амерыка не менш прыцягальная, чым Азія. Летась 2,7 працэнта адпачывальнікаў ехалі з Германіі ў Канаду і ЗША.

І ўсё ж шмат жыхароў Германіі, асабліва на значных пасадах, замест адпачынку абіраюць працу. А пэўная частка хоць і адпачывае, але для гэтага нават не выязджае  са свайго горада. Усё амаль як у нас.

• Тэкст даступны на мове: Беларуская