Пра гэта «Рэгіянальнай газеце» распавёў вілейскі актывіст Віталь Малыш. 

У снежні 2017 года «Рэгіянальная газета» першая напісала пра тое, што прадпрымальнік-энтузіаст з Вілейкі Віталь Малыш расставіў скрыні ў крамах Вілейкі і збірае грошы на казіны мосцік у Вілейцы, які моцна пацярпеў ад стыхіі.

Праз год, у снежні 2018, скрыні ўскрылі і пералічылі грошы. Атрымалася сума – каля дзвюх тысяч рублёў. Па падліках актывістаў, патрэбна было 3800. Сабралі больш за палову. Тады Віталь падзяліўся з намі, што не чакаў такога выніку ад маленькага горада, дзе працоўных месцаў мала і заробкі так сабе.

Работы па аднаўленні мосціка планавалі на лета.

Аднак нядаўна актывісты даведаліся, што яны мусяць адмовіцца ад будаўніцтва мосціка.

– Уся праблема ў нашым заканадаўстве, – кажа Віталь. – У Беларусі за самабуды прадугледжаная адміністрацыйная і крымінальная адказнасць. А мы планавалі будаваць мост самі.

Па словах актывіста, па законах мост можна збудаваць толькі з далучэннем інжынерных войскаў. Патрэбныя грошы на іх утрыманне (пражыванне, харчаванне), на паліва для тэхнікі і на яе ахову.

У выніку сума атрымалася астранамічная. Яе вілейскім актывістам не пацягнуць.

Паўстала пытанне, куды падзець грошы, якія неабыякавыя гараджане сабралі на ўзнаўленне вілейскай славутасці. Запусцілі галасаванне ў вілейскіх суполках у сацсетках. Прапанавалі некалькі варыянтаў: дапамога анкахворым дзецям, вілейскай бальніцы, бадзяжным жывёлам.

Больш за 80% абралі дапамогу анкахворым дзецям. На тым і спыніліся.

Але акывісты не хаваюць крыўды:

– Вельмі шкада, што два гады хаджэння па інстанцыях і збор грошай не прывялі ні да чаго. Мосціка у Вілейцы больш не будзе, – дзеліцца Віталь.

 

• Тэкст даступны на мове: Беларуская