У Астраўцы двое рабочых зваліліся з вышыні на будоўлях

Астравецкія следчыя пачалі дзве крымінальныя справы па фактах парушэнняў правілаў бяспекі на будаўніцтве, дзе траўмаваліся двое рабочых.

На месцы першага здарэння.

1 сакавіка каля 15 гадзін на будоўлі комплекса сацыяльна-культурнага прызначэння і творчасці моладзі па вуліцы Кастрычніцкай 20-гадовы муляр СУ-210 ААТ «Гроднапрамбуд» зваліўся з вышыні больш за чатыры метры і атрымаў цялесныя пашкоджанні.

Здарэнне адбылося з-за таго, што на аб’екце не было ахоўных агароджаў. Іх устаноўку  не забяспечыў 30-гадовы майстар будаўнічых і мантажных работ прадпрыемства.

5 сакавіка каля 14.30 на будоўлі школы ў мікрараёне №2 упаў і атрымаў цялесныя пашкоджанні 51-гадовы мантажнік “РОЗУМ-220” ААТ «Гроднапрамбуд».

Прычынай паслужыла непрыняцце належных мер па дэмантажы вежавага крана з боку 54-гадовага механіка названага прадпрыемства.

Па выніках судова-медыцынскіх экспертыз, праведзеных спецыялістамі ўпраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Гродзенскай вобласці, атрыманыя работнікамі цялесныя пашкоджанні адносяцца да катэгорыі менш цяжкіх.

Будоўля школы, дзе адбылося другое здарэнне.

Для высвятлення абставінаў следчыя з іншымі спецыялістамі агледзелі месцы здарэнняў. Канфіскавалі дакументы па ахове працы. Іх цяпер вывучаюць.Працуюць са сведкамі.

Здымкі з сайта СК Рэспублікі Беларусь.

• Тэкст даступны на мове: Беларуская