У Воранаўскім раёне 25-гадовага хлопца зарэзалі праз рэўнасць

Ноччу 7 мая ў адной з вёсак Воранаўскага раёна ад нажавога ранення сканаў 25-гадовы мясцовы жыхар. Пра гэта рассказалі ў прэс-службе УУС Гродзенскага аблвыканкама.

Перад смерцю маладога чалавека ў кампаніі знаёмых, якія разам выпівалі, узнік канфлікт. Сварка адбылася з адным з 29-гадовых сабутэльнікаў на глебе рэўнасці да дзяўчыны, якая знаходзілася з імі.

Загінулы і падазраваны ў нейкі момант выйшлі на вуліцу высветліць адносіны. У апошняга з сабой быў нож. Неўзабаве выйшлі астатнія з кампаніі і выклікалі хлопцу, які сцякаў крывёй, хуткую дапамогу. Рэанімацыйныя мерапрыемствы не дапамаглі.

Завялі крымінальную справу па артыкуле «Забойства». Падазраванага затрымалі, ён віну прызнаў. Праводзяцца следчыя дзеянні. Абодва маладыя чалавекі раней судзімыя за крадзяжы, нідзе не працавалі.

• Тэкст даступны на мове: Беларуская