Дзень перамогі ў Другой сусветнай у рэгіёне адзначаюць традыцыйнымі парадамі, мітынгамі і шэсцямі. А што думае пра гэтую дату і пра трагічную падзею мінулага стагоддзя пераможаны бок?

Як піша партал dw.com, у Германіі няма такога свята. Там адзначаюць Дзень вызвалення ад нацыянал-сацыялізму – восьмага мая. У гэты дзень у 1945 годзе падпісалі акт аб капітуляцыі Германіі. У першыя гады пасля вайны адзначалі найперш гадавіну паражэння Германіі. Ад 1985 года акцэнт пачалі рабіць на вызваленне краіны ад нацыял-сацыялізму.

У Германіі вайну не называюць Вялікай Айчыннай. Тут яна, як ва ўсёй Еўропе, Другая сусветная.

У ГДР ад 1950 да 1966 года 8 мая святкавалі Дзень вызвалення нямецкага народа ад гітлераўскага нацызму. У гэты дзень быў выхадны. Ад 1967 выхадны адмянілі, а дзень памяці па-ранейшаму застаўся.

У 1975 годзе, у 30-годдзе заканчэння Другой сусветнай, у ГДР Дзень перамогі па савецкім узоры адзначалі 9 мая.

Карэспандэнт «Рэгіянальнай газеты» гутарыла з жыхарамі Германіі пра тое, што кажуць у іх на радзіме пра Другую сусветную.

Тэма Другой сусветнай – у Германіі вельмі далікатная

Штогод у дзіцячы цэнтр «Надзея», што на Вілейшчыне, прыязджаюць рамеснікі з Германіі. Гэта – працоўны дэсант.

У цэнтры яны рамантуюць электратэхнічнае і сантэхнічнае абсталяванне, устанаўліваюць энергазберагальныя свяцільнікі.

Рамеснікі з Германіі ў дзіцячым цэнтры на Вілейшчыне. Фота з архіва РГ.

У «Надзеі» мы пазнаёміліся з Петэрам Бевенсдорфам з нямецкага мястэчка Ботрап. Вось, што распавёў Петэр:

–  У Германіі тэма Другой сусветнай – вельмі далікатная. Аднак мы, пасляваеннае пакаленне, не павінныя адказваць за дрэнныя ўчынкі сваіх продкаў. Паглядзіце, сёння большасць маіх суайчыннікаў вельмі цярпліва ставяцца да шматлікіх бежанцаў, што жывуць у Германіі. Ці не таму, што не хочуць варожасці паміж народамі?

Петэр прыгадаў словы прэзідэнта федэральнай зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія пра тое, што жыхары сучаснай Германіі не маюць адносін да той вайны, аднак асноўная іх задача – не паўтарыць таго, што здарылася ў 1940-я.

– Вось мы і працуем над гэтым, – распавядае Петэр. – Едзем у Беларусь не разбураць, а будаваць, сябраваць і ствараць масты дружбы.

Нельга разабрацца ў прычынах Другой сусветнай, не ведаючы пра Першую

Нямецкі гісторык-магістрант Юліян Фрайтаг у Беларусь прыязджаў у жніўні 2018 года. Тут хлопец удзельнічаў у рабоце беларуска-нямецкаяга летніка. Маладыя людзі прыбіралі пахаванні Першай і Другой сусветных войнаў. З хлопцам мы пазнаёміліся на Мядзельшчыне, у лесе ля вёскі Пронькі. Тут месцяцца нямецкія пахаванні часоў Першай сусветнай.

Юліян распавёў, што доўгі час у яго сям’і, як і ў Германіі ўвогуле, не прынята было гаварыць пра вайну. Толькі нядаўна дзядуля пачаў крыху распавядаць унуку пра ваенныя падзеі:

 Дзядуля быў салдатам Другой сусветнай вайны ў вельмі маладым узросце. Яму было   тады 15. Адзін год падчас вайны быў у Англіі. Пасля вярнуўся ў Германію.

Па словах Юліяна, у яго на радзіме, як і ў Беларусі, пра Першую сусветную кажуць менш, чым пра Другую. Магчыма, таму, што яна не адбывалася на нямецкай тэрыторыі.

Беларуская і нямецкая моладзь разам прыбірае могілкі часоў Першай сусветнай у Проньках на Мядзельшчыне. Фота з архіва РГ.

Крыху больш пра падзеі 1914-1918 года пачалі згадваць у сувязі са стогадовым юбілеем Першай сусветнай: ладзяць розныя гістарычныя выставы, з’яўляецца літаратура на гэту тэму.

На думку Юліяна, нельга разабрацца ў прычынах і падзеях Другой сусветнай  вайны, не ведаючы пра Першую.

• Тэкст даступны на мове: Беларуская