Матацыкліст-падарожнік Сяргей Латушкін жыве ў курортным пасёлку Нарач больш за дзесяць гадоў. Ураджэнец Крупскага раёна трапіў туды па размеркаванні пасля ўніверсітэта. Працуе ў Нацыянальным парку “Нарачанскі” інжынерам-рыбаводам. Але праца не замінае яму падарожнічаць на матацыкле і глядзець свет.

11 мая Сяргей прыехаў з чарговай паездкі. Яна доўжылася тыдзень. З хлопцам ездзілі сябры: Сяргей Захарыч з Паставаў, мінчане Анатоль Кароль і Дзмітры Сумін.

Байкеры стартавалі з Мінска. Спачатку паехалі ў Вільню, потым наведалі Талін, на пароме дабраліся да Швецыі, завіталі на Аланскія астравы і ў Готланд, былі ў Латвіі. Прабег – 2200 кіламетраў на матацыкле і каля 1000 на пароме.

Праз некалькі хвілін падарожнікі сядуць на паром, каб наведаць Готланд. На фота Сяргей Латушкін.

Браў у дарогу 2800 рублёў

Вільня і Каўнас байкеру спадабаліся атмасферай, славутасцямі, замкамі, а вось Аланскія астравы не ўразілі. Кажа, там такія ж дамы, як у Беларусі, толькі на астравах. Хаця фіёрды, пячоры і абарончыя форты запомніліся.

– У Стакгольме шмат музеяў і старых будынкаў, глядзіш і атрымліваеш асалоду, быццам трапляеш у мінулае краіны. Але больш за ўсё захапіў Готланд. У верхнім горадзе будынкі адрозніваюцца адзін ад аднаго, кожны вельмі атмасферны. Класны партовы горад Вентспілс у Латвіі. Сустракае партовымі докамі, але ўнутры ёсць старыя дворыкі і брукаванка.

Падарожнік разлічваў у суткі на 240 рублёў. Кажа, атрымлівалася і больш, і менш, але ў 1600 уклаўся. Хаця браў у дарогу каля 2800, ведаў, што транспарт можа зламацца.

Дыягностыка на СТА – 200 рублёў

І хаця аварый не было, паломкі ў дарозе пачаліся яшчэ ў Беларусі. У аднаго з хлопцаў раз’ядналіся клемы генератара – сабралі. На Аланскіх астравах у другога генератар наўпрост згарэў. Да Швецыі мяняліся акумулятарамі, каб сябар даехаў. Матацыкл прадыягнаставалі на СТА ўжо ў краіне, гэта каштавала каля 200 рублёў. Генератара набыць не змаглі, узялі акумулятар і зарадку – прыкладна 350 рублёў.

У самога Сяргея пацякла вілка ў матацыкле, працёрся тармазным шлангам маятнік. У чацвертага хлопца ў транспарце быў стары акумулятар – месцамі  матацыкл даводзілася штурхаць.

Большасць начовак байкеры “забілі” за пару месяцаў да паездкі на адным з сайтаў. Напрыклад, хостэл каштаваў каля 110 рублёў, бунгала – 45-50.

Пяць разоў ездзілі на пароме

Віза ў Сяргея ўжо была, а вось страхоўкі рабіў. На сябе каштавала каля 50 рублёў, на матацыкл прыкладна столькі ж.

Падчас падарожжа было пяць перасадак на паром. Самы танны з іх каштаваў 190 рублёў, самы дарагі – 280. Такая цана, бо на некаторыя з паромаў хлопцы грузілі матацыклы.

Прадукты байкеры ў асноўным набывалі ў гіпермаркетах. Па словах Сяргея, цэны там больш адэкватныя, чым на запраўках і паромах. Напрыклад, паўлітра вады ў Швецыі – тры пяцьдзясят, у гіпермаркеце – на рубель танней. У дзень трацілі на ежу прыкладна 130 рублёў.

Готланд – востаў у Балтыйскім моры, які належыць Швецыі.

– З сабой браў вяленае мяса, бастурму, добра, што на мяжы нічога не выкінулі. У асноўным у дарозе елі на запраўках – бургеры, бутэрброды, хот-догі… Па праўдзе кажучы, цяпер я гэту б брыдоту не еў, – прызнаецца Сяргей. – Цэны за мяжой канкрэтна адрозніваюцца ад нашых. У нас літр бензіну 95-га на той час каштаваў 1 рубель 60 капеек, у Літве, Латвіі і Эстоніі – тры рублі. У Швецыі – больш за чатыры.

Што трэба ўзяць у падарожжа на матацыкле:

  1. Калі падарожнічаеце на поўнач – абавязкова цёплыя рэчы і тэрмабялізну. Зменнае адзенне.
  2. Дажджавік.
  3. Набор ключоў, змазку, антыфрыз, аліву, тэстэр.
  4. Асабістыя рэчы: паста, шчотка, дэзадарант, мыла.
  5.  “Кулінарны набор”: талерка, кубак, нож.

Паўтарае англійскую перад паездкамі

Падарожнічае байкер ад 2010 года. Першыя пяць год ездзіў па Беларусі, калі-нікалі рабіў і велапаходы. Апошнім часам на матацыкле ездзіў па Славеніі, Славакіі, Венгрыі, Аўстрыі, Харватыі, Італіі, Іспаніі, Францыі, Бельгіі, Германіі, Нідэрландах, Чэхіі, Украіне, Азербайджане, Грузіі, Карэліі, Расіі.

– Маршруты і знаёмыя прапаноўваюць, і па карце глядзім, абмяркоўваем. Адзін разлічвае бюджэт, іншы – дарогу, славутасці. Часам на байк-злёты ездзім, расказвае Сяргей. –  Моўнага бар’еру падчас гэтай паездкі амаль не было. Калі хаця б мінімальна ведаеш размоўную англійскую, адчыненыя ўсе дзверы. А мы ўчатырох размаўлялі больш-менш, маглі спытацца маршрут, мясціны. Плюс я, калі ведаю, што можа быць моўны бар’ер, уключаю спецыяльную праграму на камп’ютары і паўтараю мову.

У наступны раз байкер плануе паехаць на байк-фестываль у Калінінград, завітаўшы ў Палангу, Клайпеду і на Куршскую касу.

Фота забяспечаныя Сяргеем Латушкіным.

• Тэкст даступны на мове: Беларуская