Што маюць права бацькі чакаць ад дзяржавы? Такое пытанне абмеркавалі на круглым стале, што ладзілі ў рэдакцыі «Рэгіянальнай газеты» 23 мая.

У абмеркаванні ўдзельнічалі юрыст Валожынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання Кацярына Пупа, спецыяліст па сацыяльнай рабоце з гэтай жа ўстановы Ніна Радына, а таксама мамы-маладзечанкі Марыя Бераснева і Марына Броўка. Мадэратарам размовы была загадчык аддзела інфармацыі журналіст Зоя Хруцкая.

На пачатку размовы спецыялісты Валожынскага тэрытарыяльна цэнтра распавялі пра сваю працу з сям’ямі.

Так Ніна Радына адзначыла, што яе праца часта накіраваная на тое, каб выцягнуць людзей з дома.

– Часта бацькі, якія гадуюць дзяцей з інваліднасцю, зачыняюцца ў сваёй кватэры, не хочуць зносін, не жадаюць паказваць сваё дзіця свету. А зносіны, падтрымка і дапамога такім бацькам патрэбныя. Значыць, трэба сабраць іх разам. Што мы і зрабілі. На круглы стол у цэнтры сабралі мам, якія гадуюць дзяцей з аўтызмам, запрасілі спецыяліста з Мінска.

Ніна Радына. Фота Аляксандра Манцэвіча.

Па словах Ніны Радыны, мамы пасля такой сустрэчы ажылі. У хуткім часе зладзілі іншае мерапрыемства, дзе спецыяліст вучыў дзяцей з аўтызмам размаўляць карткамі. Таксама дамовіліся з фізкультурна-аздараўленчым комплексам і басейнам, каб дзеці змаглі там займацца.

Кацярына Пупа як юрыст працуе са шматдзетнымі сем’ямі, бацькамі, што гадуюць дзяцей з інваліднасцю. Кажа, людзі звяртаюцца да яе па кансультацыі.

Зоя Хруцкая: За што адказныя бацькі, а калі спадзявацца на дзяржаву?

Ніна Радына: Чалавек звычайна плануе, калі нарадзіць дзіця. Значыць, перш за ўсё, трэба разлічваць на ўласныя матэрыяльныя і маральныя магчымасці. І ўжо потым – на дзяржаву. Здараецца, нехта народзіць – і сам змагаецца, а нехта нават не працуе, а чакае чагосьці ад дзяржавы.

Ёсць сем’і, якія пачалі нараджаць, даведаўшыся пра сямейны капітал. Але была на Валожыншчыне і такая сям’я, што пра капітал не ведала. Ёсць сем’і, якія крыўдзяцца на работнікаў нашай службы, быццам мы нечага не расказалі ім. Але ходзячы па сём’ях, мы шмат расказваем пра льготы і матэрыяльныя дапамогі. Іншы раз думаем, што трэба ўжо такую інфармацыю пад подпіс даваць.

Зоя Хруцкая. Фота Аляксандра Манцэвіча.

Зоя Хруцкая: На што могуць разлічваць бацькі для сваіх дзяцей ад дзяржавы?

Кацярына Пупа: На дапамогу да трох гадоў. На адзіначасовую дапамогу пры нараджэнні. 2240 рублёў 20 капеек – за першае дзіця, 3 136 рублёў 28 капеек – за другое і наступных.

Шматдзетныя сем’і маюць зніжкі на аплату за карыстанне падручнікамі, дзяцей бясплатна кормяць у школе, таксама бацькі не аплачваюць музычную і мастацкую школы.

Кацярына Пупа. Фота Аляксандра Манцэвіча.

Ніна Радына: Але ёсць і такія бацькі, якім я мушу тэлефанаваць і нагадваць, што ім трэба сабраць дакументы, каб атрымаць дапамогу. Хоць, здараецца, такой дапамогай мы памнажаем дармаедства.

Зоя Хруцкая: Калі б не дапамагаць такім не зусім адказным сем’ям, ці сталі б яны самастойнымі?

Кацярына Пупа: Такога эксперыменту мы не можам правесці.

Ніна Радына: Ёсць сем’і, якім колькі ні дапамагай, усё нібы ў бяздонную бочку.

Марыя Бераснева: Калі дапамагаць увесь час, гэта не пойдзе на карысць. Бацькі прывыкнуць чакаць дапамогі ад дзяржавы і не будуць разлічваць на сябе. Ведаю такія сем’і. Ім колькі ні давай – усё бессэнсоўна.

Ніна Радына: Вось таму сям’ям, якія стаяць у сацыяльна-небяспечным становішчы, мы стараемся не даваць наяўныя грошы. Наш спецыяліст з бацькамі і з грашыма ідзе ў краму і купляе прадукты і адзенне. Так мы дакладна ведаем, што ў сям’і будуць крупы і макарона.

Марыя Бераснева: Так сапраўды лепш. Многія людзі не навучаныя правільна траціць грошы. А гэтаму трэба вучыць са школы. Напрыклад, у Амерыцы такая практыка ёсць. Там вучаць дзяцей, як размяркоўваць грошы, як іх эканоміць. Але без дапамогі дзяржавы не абысціся.

Ніна Радына: Так, дапамога павінна быць. Балюча глядзець ролікі, дзе ў людзей просяць грошы на лячэнне дзяцей. Не людзі павінны збіраць гэтыя грошы, а дзяржава.

Зоя Хруцкая: Як увогуле адбываюцца такія зборы? Ці не зарабляюць на чужой бядзе махляры?

Ніна Радына: Наша сям’я якраз сутыкнулася з такой праблемай. У сваякоў – дзяўчынка са спінна-мышачнай атрафіяй. Каб яе вылечыць, адразу трэба 750 тысяч еўра, а пасля па 450 тысяч еўра некалькі разоў. Мы размяшчалі аб’явы ў інтэрнэце, расклейвалі ў Мінску. А пасля знаёмыя сказалі, што бачылі жанчыну, якая на вуліцах Мінска прасіла грошай з нашай аб’явай.

Марына Броўка. Фота Аляксандра Манцэвіча.

Зоя Хруцкая: А якую дапамогу ад дзяржавы хацелі б вы, Марына?

Марына Броўка: Толькі жыллё. Больш за 25 год жывём у інтэрнаце ў блоку. У адным пакоі –  я з дачкой з  інваліднасцю, у другім –  сын з дзіцем. А плацім 150 рублёў камунальных штомесяц. Больш чым за трохпакаёвую кватэру. Некалькі год таму пачалі будавацца, заплацілі нейкія ўнёскі, але будоўлю замарозілі і грошы вярнулі.

Дачка ходзіць у школу маладых інвалідаў пры Цэнтры карэкцыйнага навучання і развіцця. Вельмі рада, што ёсць такая магчымасць і ёй не трэба сядзець адной дома, пакуль я на працы.

Жыллё – гэта адзінае, чаго не хапае. А так, рукі ногі ёсць –  грошы заробім. У чарзе на жыллё стаіць і сын, і дачка. Аднак, калі мы пабудуемся, невядома.

Ніна Радына:  З людзьмі з інваліднасцю ў Валожыне таксама працуюць. Наш спецыяліст ездзіў на навучанне за мяжу, вучыўся, як абыходзіцца з ляжачымі хворымі. Пасля ў Валожыне вучыў усіх, хто даглядае такіх хворых.

Зоя Хруцкая: Здараюцца выпадкі, калі дзяржава бярэ на сябе ролю бацькоў. Як у такім выпадку не забыцца пра інтарэсы дзіцяці?

Кацярына Пупа: Гэтае пытанне больш да аддзела адукацыі. Але мы ведаем, што калі сям’ю ставяць у сацыяльна-небяспечнае становішча, ствараюць план. Наша задача – пракантраляваць, каб бацькі своечасова збіралі патрэбныя дакументы, прыязджалі па дапамогу.

Калі дзяцей забіраюць у бацькоў, звычайна ў гэтым плане прапісваюць, што дарослыя павінныя закадзіравацца, уладкавацца на працу, зрабіць рамонт.

Часам ёсць нейкая гуманітарная дапамога такім сем’ям. Калі ж дапамогі няма, а дапамагчы трэба, збіраем у сваіх спецыялістаў. Хто закатак прынясе, хто адзенне.

Ніна Радына: Прыемна, што на Валожыншчыне такіх сямей становіцца менш. Цешымся, калі бацькі, якія раней пілі і не глядзелі дзяцей, становяцца адказнымі.

Калі ў сям’ях ёсць такія станоўчыя змены, яны заўсёды чакаюць нашых спецыялістаў. Паказваюць, напрыклад, што набылі новую мэблю або адрамантавалі кухню.

Зоя Хруцкая: У многіх сферах дзейнасці нашага жыцця трэба здаваць экзамены. Каб стаць кіроўцам, каб паступіць у ВНУ. Каб стаць бацькамі, экзаменаў не трэба. Як жа вызначыць, што ў нас атрымалася стаць добрымі бацькамі?

Марыя Бераснева:  Дзяцей трэба рыхтаваць быць добрымі бацькамі яшчэ са школы. Больш увагі надаваць выхаванню маральнасці. І ўсё ж асновы выхавання – ад сям’і. Школа – гэта, перш за ўсё, адукацыя.

Марыя Бераснева. Фота Аляксандра Манцэвіча.

Ніна Радына: У нашым вясковым дзяцінстве выхаванне было простым. Прыйшоў са школы – нанасі дроў, папрацуй у гародзе. Як сталі студэнтамі, бацькі давалі нам на вучобу сала ды качан кіслай капусты. Цяпер жа мы стараемся для нашых дзетак больш: і ўрокі правяраем, і ссабойкі збіраем у кантэйнеры, каб толькі разагрэць. Можа, гэтым і псуём іх.

Зоя Хруцкая: А як пазнаць, што бацькі добра выхавалі дзіця?

Марына Броўка:  Гэта бачна па адносінах дзіцяці да бацькоў і да іншых людзей.

Кацярына Пупа:  Так, гэта бачна па дзецях, па тым, як яны паводзяць сябе. Асабліва, калі падрастаюць. І паступленне ў ВНУ далёка не заўсёды сведчыць пра добрае выхаванне.

Марыя Бераснева: А найлепшы паказчык – тое, што іншыя людзі гавораць пра тваіх дзяцей.

Зоя Хруцкая: Давайце падвядзём вынікі размовы. Што мы, як бацькі, хацелі б ад дзяржавы? А што павінны рабіць самі?

Марына Броўка: Бацькам варта самім аб’ядноўвацца, дапамагаць адзін аднаму, адказваць за тое, што адбываецца з дзецьмі. А ад дзяржавы наша сям’я хацела б толькі ўласнае жыллё.

Марыя Бераснева: Бацькі павінны клапаціцца пра фізічнае і псіхічнае здароўе, разумовыя здольнасці. А дзяржава стварае ўмовы для навучання і развіцця. Аднак у экстранных выпадках клопат дзяржавы павінны быць.

Кацярына Пупа: Сям’я павінна ствараць цёплую надзейную атрмасферу. Дзяржава стварае ўмовы для аховы здароўя, адукацыі.

Ніна Радына: Канешне, у першую чаргу – сям’я. Калі ёсць праблемы, падключаецца дзяржава. І яна, дарэчы, робіць нямала. Толькі адно тое, што да трох гадоў мама можа быць з дзіцем – вельмі важна. У іншых краінах дэкрэтны адпачынак у разы меншы. Таксама добра, што ёсць дапамогі і шматдзетным, і тым, хто выхоўвае дзяцей з інваліднасцю.

• Тэкст даступны на мове: Беларуская