У гэтую суботу прайшлі чатыры матчы з удзелам каманд Павілля.

Першая ліга

«Смаргонь», якая адзначылася першай перамогай у мінулым туры, не працягнула пераможную серыю на выездзе. Смаргонцы прайгралі светлагорскаму «Хіміку» 0:4. За «Хімік» двойчы адзначыўся Андрэй Архіпцаў, таксама галы забілі Арцём Камароў і Дзмітры Бубноў.

Для «Смаргоні» гэта дзявятае паражэнне ў сезоне. Пасля 11 тураў у каманды тры ачкі і перадапошняе месца ў турнірнай табліцы.

Графіка з суполкі ФБ|Першая ліга

Другая ліга

«Андэрдог» правёў дамашні матч з «Клецкам», але не змог пахваліцца перамогай перад сваімі заўзятарамі. Павел Богуш зрабіў дубль у пачатку сустрэчы, але ў другім тайме Ілля Казлоў і Павел Глаз з клецкай каманды зраўнялі лік у гульні – 2:2.

Чысцінская каманда завяршае 10 тур баявой нічыёй і на сёмым месцы турнірнай табліцы.

ФК «Маладзечна» прайграла «Уздзе» на апошніх хвілінах матча 1:2. Ігар Талькоўскі з маладзечанскай каманды адкрыў лік у гульні. Футбалісты «Маладзечна» дамінавалі на працягу ўсёй сустрэчы, але ў канцы матчу прапусцілі гол ад Руслана Лісаковіча. Гульня магла б завяршыцца нічыёй, але ў дабаўленую хвіліну Дзмітры Жданюк вывеў «Узду» наперад.

У маладзечанскай каманды ўжо пятае паражэнне ў сезоне. Зараз калектыў знаходзіцца на пятым месцы.

«Ашмяны-БДУФК» перамаглі ў восьмым матчы запар. У гэтую суботу ашмянскія футбалісты абгулялі «СМІаўтатранс» 5:1. Хет-трыкам адзначыўся Дзмітры Купнеўскі, галы на свой рахунак таксама запісалі Дзяніс Хадаронак і Януш Ладуцька. У дадатковыя хвіліны гулец «СМІаўтатранса» Ілля Завадскі змог «размачыць» лік, забіўшы адзіны мяч у вароты «Ашмянаў».

«Ашмяны» знаходзяцца на другім месцы ў лізе, наперадзе толькі «Арсенал» з Дзяржынска.

Графіка з суполкі ФБ|Другая ліга

• Тэкст даступны на мове: Беларуская