У родную гімназію №2 у Вілейцы ўжо амаль студэнтка Ксенія Семяновіч прыйшла сустрэцца з карэспандэнтам «Рэгіянальнай газеты». А яшчэ забраць у намесніка дырэктара Паліны Ганчар узнагароды за чарговы прадметны конкурс.

Пра падрыхтоўку да цэнтралізаванага тэставання і першыя ўражанні пасля атрымання стабальнага выніку выпускніца гімназіі №2 Ксенія Семяновіч расказала чытачам «Рэгіянальнай газеты».

Падрыхтавалася без рэпетытара

Англійскую мову Ксюша пачала вывучаць у гуртку ў дзіцячым садку. Але тады яна не ведала, што хоча звязаць жыццё з мовамі.

Усведамленне прыйшло ў 11 класе пасля перамогі на абласным этапе алімпіяды па англійскай мове. Тады і пачала займацца са сваім настаўнікам Ігарам Балыкам.

Ля гіназіі. Фота аўтара.

– Да рэпетытара не хадзіла, – прызнаецца дзяўчына. – Акрамя ўрокаў англійскай мовы, разы чатыры на тыдзень дадаткова займалася з настаўнікам Ігарам Балыкам. У маім высокім выніку вельмі значная яго заслуга. З настаўнікам разбіралі асобныя тэмы, працавалі над аўдзіраваннем – слухалі тэксты на англійскай мове.

Дома па выхадных, а часам і ў будныя дні пасля ўрокаў Ксюша самастойна рашала тэсты, а ў школе з настаўнікам разбіралі іх. Размоўнай практыкі ў англамоўным асяроддзі ў дзяўчыны пакуль не было.

Была ўпэўненая: атрымаю не менш за 90 балаў

Прызнаецца, што ў высокім бале была ўпэўненая. Ведала: дакладна не менш за 90. На двух рэпетыцыйных тэставаннях, што адзінаццацікласнікі праходзяць яшчэ вучнямі школы, вынікі былі 96 і 92.

– На цэнтралізаванае тэставанне ездзіла ў Маладзечна. Калі ўсё скончылася, я выйшла з аўдыторыі і адразу ж палезла ў інтэрнэт. Запомніла заданні, у якіх сумнявалася. І пачала глядзець, ці правільна зрабіла. Калі пераканалася, што ўсё правільна, упэўненасць у высокім выніку стала яшчэ большай, – прыгадвае мая субяседніца.

Чакаць трэба было дзесяць дзён. І вось, калі прыйшоў час, Ксюша адкрыла патрэбны сайт, убачыла сваю сотню па англійскай мове і… закрычала на ўвесь пакой.

– На крык прыбегла мама. Таму яна першая даведалася. Пасля пра стабальны вынік я паведаміла сябрам і класнаму кіраўніку паралельнага класа, з якой мы ў вельмі добрых адносінах, – кажа Ксенія.

Нядрэннымі былі і балы за ЦТ па іншых прадметах. Больш за 80 балаў дзяўчына набрала і па рускай мове, і па гісторыі Беларусі. Хаця, прызнаецца, да іх не рыхтавалася так мэтанакіравана, як да англійскай мовы. Адзінае: была ўважлівай на ўроках і набыла па гісторыі Беларусі кніжку з тэстамі, якія рашала самастойна.

А магла б працягнуць дынастыю

Хутка Ксенія Семяновіч будзе падаваць дакументы ў Дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. Там трэба абіраць другую мову для вывучэння. Якую, Ксенія пакуль не вызначылася. Кажа, падабаюцца іспанская і італьянская. Мама ўгаворвае абраць кітайскую.

Адразу мама не вельмі хацела, каб дачка ішла ў лінгвістычны. Але ўсё ж зразумела, што Ксюша хоча вывучаць менавіта мовы, і змірылася.

Першапачаткова мама хацела, каб дачка ішла на праграміста або ў вайсковую акадэмію. Там вучыцца старэйшы брат Ксюшы. А яе дзядуля – палкоўнік Генадзь Лісоўскі – узначальваў Вілейскі ваенкамат. На думку мамы, Ксенія магла б працягнуць дынастыю, але…

Выдатніца, спявачка, танцорка, даследчыца

Ксенія Семяновіч мае поспехі не толькі ў вывучэнні англійскай мовы. Яны – залатая медалістка з сярэднім балам 10. Некалькі год запар перамагала ў раённым этапе алімпіяды па інфарматыцы.

Займалася навуковай дзейнасцю. Яе праца «Лялькі-неразлучнікі» на рэспубліканскім навукова-даследчым конкурсе стала лепшай у намінацыі «Культурная спадчына».

Дзяўчына спявае ў вакальным калектыве «Экспромт», танцуе ў харэаграфічным ансамблі «Карагод».

Музычную школу скончыла два разы, але абрала мовы

А яшчэ Ксюша скончыла музычную школу. Прычым два разы. Спачатку – па класе фартэпіяна, а потым – па эстрадных спевах.

Прызнаецца, што доўгі час думала звязаць жыццё з музыкай. Таму і вызначылася з будучай прафесіяй толькі ў 11 класе.

– Лічу, што замежныя мовы даюць крыху больш магчымасцяў, чым музыка, – тлумачыць Ксюша свой выбар. – Але і музыку кідаць не збіраюся. Цяпер часам іграю дома на фартэпіяна для сябе. Думаю, што і ва ўніверсітэце змагу праявіць сябе ў музыцы.

– Раскажы, як здаць тэставанне на сто балаў? – пытаюся ў субяседніцы.

– Ой, нават не ведаю, – кажа дзяўчына. – У мяне часам такое адчуванне, што гэта само атрымалася.

І ўсё ж, падумаўшы, дае крыху парад: рашаць больш тэстаў мінулых гадоў, бо ўсе яны даволі падобныя. І старацца знайсці асацыяцыі, якія дапамогуць запомніць правілы.

 

• Тэкст даступны на мове: Беларуская