Фота Ігара Палынскага.

Сёння Горад Сонца стаў сталіцай стрыт-фуда Беларусі. Адкрыццё адмысловай прасторы зладзілі сёння, 13 ліпеня.

На адной пляцоўцы размясцілася 12 пунктаў рознага тыпу харчавання і крэатыўная прастора для мастацкіх аб’ектаў і культурных ініцыятыў. Гэта першы падобны праект у Беларусі.

Як усё пачалося

У 2017 годзе на тэрыторыі міні-рынка венесуэлец, што пераехаў у Маладзечна, адчыніў кафэ з лацінабургерамі. Пакаштаваць экзатычную ежу прыязджалі з розных гарадоў краіны.

Паступова ў павільнах пачалі адчыняць іншыя кафэ, кожнае са сваёй адметнасцю. Так атрымалася месца, дзе сабраныя розныя пункты хуткай вулічнай ежы.

Мясцовыя актывісты вырашылі, што гэта выдатнае месца, каб зрабіць штосьці большае – крэатыўнае і камфортнае месца для адпачынку. Яны за месяц падрыхтавалі пляцоўку, каб зладзіць пілотную прэзентацыю вуліцы. 29 верасня адбылася атмасферная прэзентацыя.

Актывісты вырашылі, што прастору можна зрабіць яшчэ больш утульнай – уладкаваць месцы для сядзення, усталяваць пастаянную сцэну, дадаць арт-аб’екты. З такой ідэяй яны ўдзельнічалі ў конкурсе сацыяльных праектаў Social Weekend 12 і атрымалі фінансавую падтрымку на 10 000 рублёў ад кампаніі velcom | A1.

Арганізатар праекта Ганна Холад разам з камандай актывістаў – Валянцінай Сідоркінай, Таццянай Семашкевіч, Ганнай Сафонавай, Вольгай Дашкевіч, Юліяй Башынскай, Ірынай Тархан, Марыяй Калеснікавай, Барысам Аніхоўскім і многімі іншымі працавалі над праектам некалькі месяцаў. За гэты час пляцоўку афіцыйна зрабілі пешаходнай, зрабілі асвятленне, працавалі над азеляненнем, змайстравалі месцы для сядзення і столікі.

У вуліцы з’явіўся свой сімвал – кот, які часта гуляе каля кафэшак. Таму месца яшчэ называюць Перавулкам ката Францыска, бо размешчаная яна на вуліцы Францыска Скарыны.

Кот Францыск.

Ежа

На вуліцы шмат аб’ектаў розных відаў хуткай ежы. Можна паласавацца кавай, марожаным, блінчыкамі, вафлямі з рознымі дадаткамі, бургерамі, сушы, піражкамі, азіяцкай лапшой.

Працуе таксама месца, дзе можна набыць ежу для пітомцаў.

Крэатыў

Галоўным мастаком вуліцы стаў Базіната. Вы можаце помніць яго па скандальным праекце галерэі на сметніцы, якая праіснавала адзін дзень. Аформіць сцены павільёнаў прыехалі мастакі з Люксембурга, Азербайджана, Італіі, Расіі. Многія працы зрабілі юныя мастакі Маладзечна, якім дапамагаў Базіната.

Мастак распавёў пра карціны, якія разам з ім малявалі дзеці. Стваральнікі рабілі працы, што выходзяць за межы белага куба ў галерэях. Тут іх творы ўзаемадзейнічаюць з мінакамі, якія не прыйшлі адмыслова на выставу, яны ходзяць па сваіх справах і бачаць гэтыя працы.

Для аўтараў гэта быў і выклік, і новы досвед – працаваць, калі твае працы ў працэсе каментуюць. Некаторыя былі не гатовы да такога і асуджалі і самі працы, і наогул што павільёны расфарбоўваюць. Базіната патлумачыў, што няпроста адразу прыняць перамены:

“Калі гадамі ходзіш па раздалбаным асфальце сярод шэрых шматпавярховах і жывеш у дамах без рамонту, не адразу разумееш, для чаго з’яўляецца такое месца”.

Мастакі грунтоўна падышлі да творчых ідэй карцін. Адна з прац перадае перажыванні падлетка аб ідэнтычнасці і прыняцці сябе. Яна пра тое, што на нас глядзяць розныя людзі рознымі вачыма і пад гэтымі позіркамі мяняемся мы.

Карціна ў стылі наценных дываноў Язэпа Драздовіча паказвае Гадзілу ў вышыванцы і групу людзей, якія ў страху хаваюцца. Гадзіла – гэта мутант, што выступае як сімвал захоўвання свету і каштоўнасцяў.

Яшчэ адзін малюнак паказвае мастакоў – як у старажытнасці, пакідаючы выявы на сценах пячор, так і цяпер у карцінах аўтары пакідаюць свой след у гісторыі.

Ёсць праца педагога мастацкай школы аб экалогіі, падлеткаў аб прыняцці сябе і дуальнасці свету.

Адна з работ – вялікая птушка, упрыгожаная ноткамі. Яе выканала 12-гадовая Арына Сіняўская.

–  Гэта птушка удод, што адносіцца да драздовых. Яны грукаюць па дрэвы, і іх стук дае рытм, а рытм – гэта музыка.

Арына расказала карэспандэнту “РГ”, што Базіната прыйшоў у іх клас у мастацкую школу і прапанаваў паўдзельнічаць у такім праекце. Дзяўчынка параілася з мамай і пагадзілася. Ідэя працы прыйшла неяк адразу. Мама Ірына Сіняўская распавядае:

– Працавалі тут тыдні два. Канешне, праца патрабавала шмат намаганняў. Але цяпер я адчуваю гонар, што праца маёй дачкі ў такой галерэі. Вельмі рада і ўдзячна. А Арына расказвае ўсім сябрам, што тут яе карціна.

Гадзіннік Андрэя Куліка.

Гадзіннік з катом

Арганізатары палічылі, што рухомы сімвал ката Францыска трэба паказаць і ў выявах. Таму на некалькіх карцінах вы ўбачыце ката. А яшчэ ў цэнтры вуліцы стаіць драўляны гадзіннік з катом. Яго зрабіў малады маладзечанскі інжынер Андрэй Кулік:

– Да праекта прыцягнула знаемая Аня Кішкурна. Спыталіся, ці змагу зрабіць такі гадзіннік. Адказаў, што паспрабую. І змог. Пасля крыху дапамагаў тут з мэбляй. Калі прыходзіў, падавалася, што столькі працы, нерэальна паспець. А цяпер гляджу – і не верыцца, што ўсё зрабілі. Вельмі рады, што людзям тут падабаецца.

Падзякі

Перад афіцыйным адкрыццём прадстаўнік velcom | A1 Мікалай Брэдзелеў сфатаграфаўся каля дрэва, апранутага ў звязаны футляр з лагатыпам спонсара разам з Ганнай Сафонавай. Менавіта Ганна арганізоўвала аматараў вязаць, каб атрымалася некалькі каляровых футляраў.

Мікалай запэўніў журналістаў, што кампанія кантралявала кожны рубель з дзесяці тысяч, і ўсе яны пайшлі на інфраструктуру, асвятленне, узгадненні і іншыя патрэбныя рэчы. Гэты паспяховы праект можа стаць натхненнем і для іншых беларускіх гарадоў.

На афіцыйным адкрыцці выступіў прадстаўнік таварыства ўласнікаў “Спадар” і ад імя прадпрымальнікаў і гандляроў запрасіў з задавальненнем наведваць пляцоўку.

Кіраўнік праекта Ганна Холад падзякавала за падтрымку ўсім, хто паверыў у праект і дапамагаў увасабляць яго ў жыццё.

Ад “Рэгіянальнай газеты” мы ўручылі Ганне і ўсім актывістам вуліцы сертыфікат за перамогу ў конкурсе “Асоба года” і адзначылі, што сёння адбылося свята для ўсіх маладзечанцаў.

Каманда актывістаў. Фота velcom / A1.

Гандаль

Акрамя стацыянарных кафэ на пляцоўцы ёсць месцы для рамеснікаў. Ахвотныя прадавалі тут уласныя вырабы – сувеніры, падзелкі, біжутэрыю, выпечку.

Глеб Рудзько.

Самы малады кандытар горада 15-гадовы Глеб Рудзько распрацаваў спецыяльны дызайн для пернікаў, якія прадаваў на імпрэзе. Быў нават з самім катом Францыскам.

– Калі даведаўся, што 13-а будзе адкрыццё, то спахапіўся, прыдумаў дызайны, – распавядае кандытар. – Вельмі падабаецца і вуліца, і свята, добрая арганізацыя, шмат людзей. Калі тут будуць кірмашы і іншыя мерапрыемствы, абавязкова буду прыходзіць.

Павел Браніцкі.

Павел Браніцкі сёння прадаваў драўляныя завушніцы і пано. Ён дапамагаў будаваць тэрасу, сядушкі і працаваў з бочкамі. Цэлы месяц прыходзіў сюды пасля працы, а ў выхадныя працаваў разам з іншымі актывістамі цэлы дзень, каб гэтае месца стала такім, якім яно сёння было.

– Убачыў, што тут адны дзяўчаты, і стаў дапамагаць. Вельмі здорава, што цяпер ёсць, куды прыйсці і адпачыць. Атрымалася такая маленькая Еўропачка.

Алег Вусаў быў адным з першых прадпрымальнікаў міні-рынка і некаторы час узначальваў супольнасць:

– Памятаю, як месца выбівалі, асфальт клалі, павільёны ставілі. Гады чатыры таму склаў паўнамоўтвы старшыні. Тут тады ўсё загнівала, павільёны прадавалі за капейкі. Каб не моладзь, так бы і засталося. Трэба развівацца. Мы не змаглі зрабіць нешта большае. Але дзякуючы актыўнай моладзі тут усё памянялася. Ёсць дзе пасядзець, адпачыць, паслухаць музыку.

Адкрыць сябе

Работнік маладзечанскага музычнага каледжа Алеся Каролік адзначыла:

– Супер імпрэза, інтэрактыў з птушкамі. Цудоўна, што падтрымліваюць беларускую культуру, зладзілі майстар-клас па народных танцах. Ёсць месца выступіць спевакам як у традыцыйных накірунках, так і сучасных.

Вядомая творца выцінанак і выкладчык музкаледжа Наталля Чырвонцава разам з этнаграфічным клубам “Кола” давала майстар-клас па народных танцах:

– Радуюся, што Маладзечна наблізілася да Еўропы. Гэта такая патрэбная з’ява. Беларусы вельмі скаваныя людзі, ім цяжка выступаць, танцаваць на людзях, падаецца, што кепска пра іх падумаюць. А ў вулічных танцах яны пачынаюць раскрываць сябе, гэта вельмі патрэбна нам усім.

Фота Ігара Палынскага.

• Тэкст даступны на мове: Беларуская