Шарлота Паэглітэ на спаборніцтвах чэмпіянату Беларусі, дзе яна выканала нарматыў майстра спорту.

Шарлота Паэглітэ нарадзілася ў Рызе (Латвія). Яе бацька латыш, а мама беларуска. Дзяўчына пераехала разам з бацькамі на радзіму маці, сям’я засталася жыць на Смаргоншчыне. У спорт Шарлота прыйшла ў дзяцінстве. Па яе словах, гэта было вельмі даўно, хоць дзяўчыне споўнілася толькі 20 год.

Усё жыццё займалася лёгкай атлетыкай

Паэглітэ займалася рознымі відамі лёгкай атлетыкі: спрынт, скачкі ў даўжыню і вышыню. Да восьмага класа яе першым трэнерам быў Дзмітры Жук.

На абласных спаборніцтвах Шарлоту заўважыла Алена Стасюкевіч, якая працавала з маладымі спартсменамі ў вучылішчы алімпійскага рэзерву (ВАР) у Гродне. Стасюкевіч прапанавала маладой лёгкаатлетцы пераехаць са Смаргоні ў гродзенскі ВАР. Шарлота пагадзілася і з таго часу займаецца выключна шматбор’ем.

У 2017 годзе, калі Шарлота вучылася ў адзінаццатым класе, яна выканала нарматыў майстра спорту Беларусі. Неаднаразова яна станавілася пераможцам і прызёрам рэспубліканскіх спаборніцтваў, прымала ўдзел у чэмпіянаце Еўропы, станавілася прызёрам матчавай сустрэчы паміж камандамі Беларусі, Украіны, Расіі і краін Балтыі.

Паэглітэ прывязе з Украіны медаль

6-8 ліпеня ва ўкраінскім Луцку прайшоў каманды чэмпіянат Еўропы па шматбор’і. На ім выступіла і Паэглітэ. Беларуская зборная па шматбор’і завяршыла выступленне на міжнародных спаборніцтвах на другім месцы. Першае месца заняла зборная Эстоніі.

Выступленне Шарлоты Паэглітэ на чэмпіянаце Еўропы па шматбор’і (Украіна, 2019 год):

100 метраў з бар’ерамі – 14,39 с.
Скачкі у вышыню – 1 м 66 см.
Штурханне ядра – 10 м 12 см.
Бег на 200 м – 25,48 с.
Скачкі ў даўжыню – 5 м 64 см.
Кіданне дзіды – 30 м 35 см.
Бег на 800 м – 2 хв. 17,04 с.

Смаргонка ўнесла вялікі ўклад у агульнае дасягненне каманды, набраўшы 5198 ачкоў. Спартсменка заваявала срэбраны медаль.

– Мне спадабалася ў Луцку. Вядома, чакала ад сябе лепшага выступлення. Але не атрымалася крыху. Устанавіла новы асабісты рэкорд на 800 метраў, і гэта радуе. Беларуская каманда была вельмі згуртаваная і дружная. Усім дзякуй за падтрымку! – па­дзякавала заўзятарам Паэглітэ.

• Тэкст даступны на мове: Беларуская