Шостага і сёмага ліпеня ў Маладзечне сабраліся журналісты і краязнаўцы з Вілейкі, Мінска, Глыбокага і Гродна. Падчас двухдзённага трэнінгу гутарылі пра тое, як ускалануць аўдыторыю краязнаўчымі артыкуламі.
Ёсць на Маладзечаншыне школа, дзе працаваў Барыс Кіт
Краязнаўца і настаўнік з Лебедзева Антон Апанасевіч падзяліўся з прысутнымі сваімі знаходкамі. Анансаваў новую кнігу, у якой будзе артыкул, прысвечаны бацьку – вязню вілейскай турмы.
– Паглядзіце, колькі знакамітых людзей звязаныя з Лебедзевым, – казаў Антон Антонавіч. – У мясцовай школе ў розныя часы вучыліся гісторык Генадзь Каханоўскі, паэт Кастусь Цыбульскі, працавалі настаўнікамі Барыс Кіт і Антон Зяновіч, які вядомы як педагог Нобелеўскага лаўрэата па фізіцы Жорэса Алфёрава.
Дзякуючы дзейнасці Антона Апанасевіча, нядаўна паставілі крыж на месцы пахавання Першай сусветнай у Беніцы.
Асаблівы гонар краязнаўцы – школьны музей. У ім – каля пяцісот экспанатаў. Адны з самых каштоўных – медны кацёл 14 Грузінскага грэнадзёрскага палка і балцкі меч 13 стагоддзя.
Частыя госці музея – замежнікі. Днямі Антон Апанасевіч чакае дэлегацыю з Тэль-Авіўскага ўніверсітэта.
Сенсацыя, захапляльная гісторыя, цікавы чалавек
Краязнаўца з Маркава Мікалай Тамашэўскі назваў тры спосабы бамбічнага краязнаўчага артыкула: сенсацыя, захапляльная гісторыя, цікавы чалавек. На думку Мікалая Іванавіча, задача журналіста – падымаць на кап’ё як мага больш краязнаўчых тэм.
Мікалай Тамашэўскі распрацоўвае тэмы Агінскага і Напалеона, працуе над аднаўленнем Маладзечанскага замчышча, вывучае гісторыю Маркава.
Леў Сапега, Тамаш Зан, Напалеон, Агінскі для Маладзечна – як разынкі ў булачцы. І раскручваць такія тэмы задача таксама і журналіста.
Як краязнаўчым артыкулам паўплываць на грамадства
Галоўны рэдактар «Рэгіянальнай газеты» Аляксандр Манцэвіч распавёў, што краязнаўчыя артыкулы былі ў газеце з першага нумара. Друкавалі спісы вязняў Вілейскай турмы, якіх этапавалі падчас вайны з Вілейкі ў Разань. Пісалі пра тое, як вілейскі краязнаўца Анатоль Рогач знайшоў у лесе на Вілейшчыне магілу паэта 19 стагоддзя Ігната Ходзькі.
Разам з Анатолем Рогачам «Рэгіянальная газета» адкрыла для сваіх чытачоў, што аўтар першай украінскай Канстытуцыі Піліп Орлік і перашадрукар Іван Фёдараў нарадзіліся на Вілейшчыне.
А дзякуючы таму, што карэспандэнты газеты знайшлі сведак Галакосту ў Валожыне і напісалі пра гэта, у Валожыне адмянілі рашэнне будаваць жылы дом на месцы, дзе пахаваныя расстраляныя яўрэі.
Акуратнасць і аператыўнасць – перш за ўсё
Супрацоўнікі маладзечанскай школы №5 Лідзія Князева і Алена Парахня расказалі пра тое, як 22 гады пры школе працуе клуб «Пошук». За гэты час дзякуючы арганізатару і кіраўніку клуба Лідзіі Князевай і яе вучням знайшліся тысячы імёнаў людзей, што падчас Другой сусветнай загінулі ў маладзечанскім «Шталагу-342» і іншых канцлагерах.
Без СМІ пошук не атрымаўся б, перакананая Алена Параня. На працягу многіх гадоў пошукаўцы расказваюць пра сваю дзейнасць у беларускіх і расійскіх газетах, публікуюць спісы палонных.
Але ад журналістаў часам хочацца большай акуратнасці ў напісанні імёнаў і прозвішчаў. Сталых людзей вельмі крыўдзяць падобныя памылкі.
Звярнулі ўвагу і на тое, што спісы лепш журналістам размяшчаць аператыўна. У пошуках часцей зацікаўленыя сталыя людзі. Таму можа быць важны кожны дзень.
Руслан Кулевіч: паказваю іншую гісторыю
Журналіст з Гродна Руслан Кулевіч падзяліўся сваім досведам напісання краязнаўчых артыкулаў. Герояў Руслан шукае проста: падыходзіць на вуліцы да сталага чалавека, пытаецца, ці ў Гродне ён нарадзіўся і… Калі субяседнік карэнны гарадзенец, хутчэй за ўсё, у бліжэйшы час з’явіцца чарговы краязнаўчы артыкул.
Узрост герояў Руслана – каля 90 год. Успаміны многіх ужо ўвайшлі ў кнігу «Горад адзін – успаміны розныя». У планах кніга «Гродзенцы здалёк».
Журналіст перакананы: трэба паказваць увесь працэс працы ў фэйсбуку і інстаграме. Вось стары фотаздымак і яго кароткая гісторыя, вось Руслан разам са сваім героем, а пасля – непасрэдна артыкул.
– Я паказваю гісторыю іншага Гродна, – дзяліўся з калегамі Руслан. – У школе нас вучаць, што ў Беларусі вайна пачалася 22 чэрвеня 1941 года. Але чаму ж тады бацька адной з маіх гераінь загінуў у Гродне ад бомбы, скінутай з нямецкага самалёта, 1 верасня 1939 года?
Уладзімір Садоўскі: больш працую з дакументамі, чым з людзьмі
Краязнаўца і журналіст Уладзімір Садоўскі, у адрозненне ад Руслана, працуе не з людзьмі, а з дакументамі. Шукае інфармацыю ў інтэрнэце, праз польскіх краязнаўцаў, у архівах. У выніку з’яўляюцца артыкулы пра тое, як выглядалі за польскім часам беларускія гарады. Асабліва цікавіць Уладзіміра міжваенная архітэктура і былы польскі вайсковы гарадок Гелянова.
Асабліва цікавяць Уладзіміра тэмы міжваеннай архітэктуры і польскага вайсковага гарадка Гелянова, які цяпер з’яўляецца мікрараёнам Маладзечна. А ў тым, што пра Гелянова Уладзімір ведае шмат, удзельнікі трэнінгу ўпэўніліся падчас экскурсіі.
У час трэнінгу журналісты прыйшлі да высновы, што краязнаўчыя артыкулы помняцца праз гады, а не забываюцца праз дзень, як аператыўныя навіны. Нездарма, сярод артыкулаў, якія найбольш уразілі, адзін з удзельнікаў прыгадаў матэрыял Зянона Пазняка пра Курапаты, што з’явіўся ў 1980-х гадах.
• Тэкст даступны на мове: Беларуская