Ад ранняга дзяцінства для навучэнкі кулінарнага каледжа Аляксандры Грачанік самым прывабным месцам у хаце была кухня. Малая магла гадзінамі назіраць за тым, як мама гатуе. А ў пяць гадоў дзяўчынцы захацелася ўпершыню парадаваць родных сваім шэдэўрам.

– Першая мая страва, – зліплыя макарошкі, – успамінае Саша. – У той раз я іх пераварыла, таму выйшла каша, якую потым яшчэ паставіла настаяцца, паліла кутчупам і выкінула.

На гэтым юны кулінар не стала спыняцца, з кожным годам станавілася больш дасведчанай. Цяпер ніводная ўрачыстасць не абыходзіцца без яе святочнага стала.

Асаблівую ўвагу Грачанік надае мясу. Дзяўчыну захапляе сам працэс. Каб прыгатаваць тыя ж самыя адбіўныя або стэйк, спачатку неабходна уявіць структуру кавалка, гэта дапаможа зразумець, як лепей яго прасмажыць.

Паколькі гатаванне прыносіла гераіні толькі задавальненне, у восьмым класе яна ўпершыню задумалася, каб зрабіць яго справай ўсяго жыцця. Калі прыйшоў час рабіць канчатковы выбар, ад якога залежала будучыня, сумненні не пакідалі. Аднак у канцы 11 класа Саша сабралася з сіламі і з упэўненасцю абвясціла бацькам, што збіраецца стаць кухарам.

Для родных было шокам, што іх здольная дзяўчынка, якую яны бачылі ў ролі стаматолага або лагіста, абрала такі шлях.

– Іх пужала, што я іду ў каледж, – распавядае Аляксандра, – але потым патлумачыла ўсе плюсы і мінусы будучай прафесіі, даказала, што хачу гэтым займацца, і мяне падтрымалі.

На занятках будучым кухарам даюць шмат карыснага. Распавядаюць, як збіраць і разбіраць кухонныя машыны, тлумачаць, якія прадукты з’яўляюцца добрымі і з чым спалучаюцца, дзе і як іх захоўваць. На семінарах вучацца гатаваць. Студэнты праходзяць практыку падчас навучальнага года, каб атрыманыя веды не паспелі знікнуць.

– Ніколі не забуду свой першы дзень на практыцы ў рэстаране беларускай нацыянальнай кухні, – кажа Саша. – Адчувала сябе маленькім качанём, якое нічога не ведае, на шчасце, гэтыя думкі хутка развеялі. Я думала, што адправяць чысціць бульбу або кацёл, але літаральна з першых хвілін адправілі нарэзаць вяндліну, селядзец, крабавыя палачкі для салаты. Таму прывыкла хутка і праз пару дзён стала хадзіць, як на працу.

У каледжы пануе сяброўская атмасфера. Часта паварам прыходзіцца тварыць групай, а гэта няпроста. Часам узнікаюць рознагалоссі наконт афармлення, дадатковых кампанентаў і гарніраў, аднак студэнты імкнуцца знайсці кампраміс, бо яны каманда.

За час вучобы дзяўчына стала крытычна ставіцца нават да падрыхтоўкі хатняй вячэры.

– Цяпер для мяне падрыхтоўка страў – гэта мастацтва, – гаворыць дзяўчына. – Повара можна параўнаць з мастаком, пішучым карціну. Калі зробіць не там мазок, дадасць не той інгрэдыент, то ўсё пойдзе прахам.

Калі прыходзіць на кухню, Аляксандра зноў і зноў пераконваецца, што яе выбар правільны. Гатаванне патрабуе шмат сіл і энергіі, а ім уласціва заканчвацца. Прыйсці ў тонус пасля цяжкага дня дапамагае прагляд любімых “Дзяўчат”, кніга з захапляльным сюжэтам або проста гутарка з цікавымі людзьмі. Пасля заканчэння каледжа Аляксандра плануе пайсці вучыцца далей і адкрыць уласны рэстаран.

• Тэкст даступны на мове: Беларуская