Начальнік ДАІ Мінскага аблвыканкама Міхаіл Акуліч. Фота: minobl.mvd.gov.by

Гэта закране тых, у каго знойдуць больш за 0,8 праміле алкаголю ў крыві.

Дзяржаўныя органы хочуць падняць штрафы за язду ў п’яным выглядзе да 200 базавых велічынь і забіраць правы на 5 гадоў.

ДАІ сумесна з іншымі структурамі хоча ініцыяваць змены ў Адміністрацыйны і Крымінальны кодэкс Беларусі.

– Прапанова наша такая: падзяліць стан алкагольнага ап’янення кіроўцы на дзве ступені. Першая ступень – ад 0,3 да 0,79 праміле, для гэтай катэгорыі парушальнікаў варта павялічыць штраф да 100 базавых велічынь і пазбаўленне правоў на 3 гады. Другая ступень – ад 0,8 праміле і вышэй – такім кіроўцам будзе пагражаць штраф да 200 базавых велічынь і пазбаўленне правоў на 5 гадоў, – растлумачыў Міхаіл Акуліч.

Таксама ў крымінальнае заканадаўства хочуць унесці змены, якія тычацца паўторнага парушэння на працягу года і ДТЗ са смяротным зыходам.

– Мы бачым, што ДАІ хоча працаваць дыферэнцыравана, і думаю, гэтая прапанова нядрэнная, – пагадзіўся з ДАІ член пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Нацсходу Беларусі Аляксандр Багдановіч.

• Тэкст даступны на мове: Беларуская