27 жніўня 1999 года. Па тэлебачанні – эфір праграмы «Поле цудаў». Вядучы Леанід Якубовіч аб’яўляе другую тройку гульцоў.

Уладзімір Агапітаў з горада Савецка, Наталля Мяшчэрына з Ніжняга Ноўгарада і Анатоль Додрыкаў з Вілейкі.

Фотаздымкаў з той гульні ў Анатоля Ягоравіча не засталося. Толькі – уражанні і ўспаміны, якімі ён падзяліўся з карэспандэнтам «Рэгіянальнай газеты».

У Вілейцы Анатоля Додрыкава (на фота – злева) ведалі як стваральніка і кіраўніка духавых аркестраў. Фота з асабістага архіва героя.

У 1999 мой суразмоўца працаваў галоўным інжынерам у ЖКГ. А яшчэ ў Вілейцы Анатоля Додрыкава ведалі як стваральніка і арганізатара духавых аркестраў у горадзе. У тым ліку – першага жаночага ў 1974 годзе.

Часам віляйчанін пісаў артыкулы для мясцовай прэсы, часам прэса пісала пра яго. У красавіку 1999 года журналістка з Вілейкі Наталля Валынец сабрала ўсе гэтыя матэрыялы і адаслала іх на «Поле цудаў».

У маі Анатолю Ягоравічу патэлефанавалі і запрасілі на здымкі. У Маскву паехаў у чэрвені. А ў канцы жніўня паказалі запіс гульні па тэлебачанні.

– Хадзіў на экскурсію ў музей «Поля цудаў», дзе захоўваюцца падарункі, што прывозяць гульцы. Шмат шкляных шафаў. А ў іх – розныя сувеніры. Найбольш бутэлек незвычайнай формы, – прыгадвае Анатоль Додрыкаў.

Гулец з Вілейкі таксама ехаў з падарункам для праграмы. Прывёз кніжку пра свой горад.

– Заданне для нашай тройкі гучала прыблізна так: калі гэта вырастала ў чалавека вялікім, у Расіі яго вызвалялі ад працы, – прыгадвае суразмоўца.

Адказ на пытанне віляйчанін ведаў, але думаў пра слова ў множным ліку – «пазногці». А адказ быў у адзіночным – «пазногаць». У выніку ў той тройцы перамагла Наталля з Ніжняга Ноўгарада.

– Напэўна, многія глядзяць «Поле цудаў» па тэлевізары і думаюць, якія неразумныя людзі там гуляюць. А насамрэч, гуляць не так лёгка. Здымкі доўжыліся дзве з паловай гадзіны.

З усіх бакоў – святло сафітаў у твар. Нават кроплі поту з ілба нельга было выціраць самому. Гэта рабілі грымёры. Не дзіўна, што ў такіх умовах губляешся, – падсумаваў Анатоль Ягоравіч.

• Тэкст даступны на мове: Беларуская