Ян Караль Гутэн-Чапскі, якога ў канцы ХІХ ст. тройчы абіралі мінскім гарадзкім галавой. Фота Publik domaln.

Першы раз у гісторыі пытанне пра нацыянальнасць у перапісе насельніцтва на тэрыторыі Беларусі было зададзена ў 1916 годзе, піша Радыё Свабода.

Галоўная інтрыга і сенсацыя

Гэтыя сенсацыйныя дакументы належным чынам дагэтуль не вывучаныя і не асэнсаваны. Яны захоўваюцца ў Гістарычным архіве Беларусі. Перапісаў было нават два, у 1916 і 1917 гадах, яны называліся Ўсерасейкія сельскагаспадарчыя перапісы.

Галоўная інтрыга і галоўная сенсацыя — як сваю нацыянальнасьць тады вызначылі многія арыстакраты Міншчыны.

І вось вам неверагодная інфармацыя. Уладальнік Прылукаў граф Юры Гутэн-Чапскі запісаўся беларусам, уладальнік Лошыцы магнат Яўстах Любанскі запісаўся беларусам, адзін з князёў Радзівілаў са Случчыны таксама запісаўся беларусам.

Снежны ком беларушчыны

А вось заснавальнік Чырвонага касьцёлу магнат Эдвард Вайніловіч, які пасьля браў удзел у працы Беларускага нацыянальнага камітэту і стаў беларускім аўтанамістам у Польшчы, тады яшчэ да беларускай нацыянальнасьці не дайшоў і запісаўся палякам.

Так што «Нашу Ніву» чыталі не толькі сяляне. І працэс фармавання беларускай нацыі ахапіў, як бачым, і частку шляхты і арыстакратыі. І кола гэтай арыстакратыі было шырэйшае за вядомыя сёння постаці княгіні Магдалены Радзівіл ці Рамана Скірмунта.

Гэта быў вынік намаганняў найлепшых людзей Беларусі папярэдняга, ХІХ стагодздзя. Як вядома, ужо падчас усерасейскага перапісу 1897 году 43,3 працэнта шляхты беларускіх губерняў назвалі роднай мовай беларускую. А гэта — 65 тысяч чалавек!

Пытанне аўтаноміі Беларусі рэгулярна ўздымалася і ў Дзяржаўных думах Расіі. Гэта быў снежны ком, які імкліва каціўся і набіраў памер і вагу.

Якой нацыянальнасці быў легендарны Караль Чапскі

Вось пра ўсё гэта хацелася сказаць сёння з адной простай прычыны.

Сёньня — 159 гадоў з дня нараджэння самага вядома кіраўніка Мінску — Караля Гутэн-Чапскага, якога цяпер усе ведаюць як заснавальніка бровара «Аліварыя».

Караль Гутэн-Чапскі быў гарадскім галавой Мінска ад 1890 да 1901 года. Ён памёр, маючы ўсяго 43 гады. Пры ім у Мінску быў пабудаваны тэатар, першая электрастанцыя, з’явіўся тэлефон, конка, Спартовае таварыства і шмат чаго іншага.

Бровар Аліварыя. Фота Радыё Свабода.

І вось сёння, у дзень яго нараджэння, я думаю, што каб граф Караль Гутэн-Чапскі дажыў да Сельскагаспадарчага перапісу 1916 года, ён таксама, як і яго родны брат Юры, запісаўся б беларусам.

Калі вы адчуваеце сябе беларусамі, запішыцеся імі.

 

 

• Тэкст даступны на мове: Беларуская